Двое беларусаў адсудзілі ў прадпрыемства больш за 180 тысяч рублёў
- 24.05.2025, 12:19
Яны працавалі на шкодных для здароўя вытворчасцях.
Два работнікі неназванага беларускага прамысловага прадпрыемства атрымалі звыш 180 тысяч рублёў кампенсацыі ў сувязі з прафзахворваннем — пра гісторыю расказвае дзяржагенцтва «Минск-Новости».
Паведамляецца, што цягам доўгага часу супрацоўнікі працавалі на розных участках прадпрыемства, у тым ліку шкодных і небяспечных для здароўя. Праз гэтага яны сталі пачувацца горш, у іх з'явіліся «пэўныя захворванні».
Тое, што праблемы са здароўем былі выкліканыя працай на прадпрыемстве, пацвердзіла медыцынская камісія. У адным выпадку работнік страціў 20% сваёй працаздольнасці, у іншым - 30%. Нягледзячы на гэта, наймальнік адмовіўся выплаціць ім аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў сувязі з прафзахворваннем, якое належыць у такіх выпадках. Урэгуляваць працоўную спрэчку паспяхова ўдалося ў судзе, дзе інтарэсы работнікаў прадставіў прафсаюзны юрыст.
У першым выпадку судовыя разборы доўжыліся блізу паўгода. Як вынік - суд абавязаў наймальніка выплаціць работніку больш за 62 тысячы рублёў аднаразовай матэрыяльнай дапамогі і 10 тысяч кампенсацыі маральнай шкоды.
У другім выпадку справа вырашылася за чатыры месяцы. Бо страта працаздольнасці ў работніка большая, адпаведна, і выплаты вышэйшыя — суд вынес пастанову аб спагнанні з прадпрыемства на карысць чалавека аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў суме звыш 104 тысяч рублёў і суму маральнай шкоды ў суме 10 тысяч.