BE RU EN

Беларусаў шакавалі кошты прадукцыі шклозавода «Нёман»

  • 23.05.2025, 22:40

Яны прыгадалі невысокія заробкі на прадпрыемстве.

У TikTok неадназначна адрэагавалі на відэа з навінкай ад шклозавода «Нёман». Кошт шклянак для віскі падаўся карыстальнікам завышаным. У каментарах згадалі і невысокія заробкі на прадпрыемстве, і адток кадраў за мяжу, піша Hrodna.life.

На старонцы прадпрыемства прарэкламавалі набор з шасці шклянак з крышталю аб'ёмам 250 мл за 268 рублёў 30 капеек. У адказ каментатары пачалі жартаваць, што шклянкі, мусіць, з вібраніуму.

«Нёман, напэўна, падумаў, што ён Baccarat або Laliqu» – напісаў адзін з іх. Сярод каментароў:

«Калі задача выйсці з – у + да 2050 года)»;

«Гэта кошт усяго завода. А шклянка колькі, падкажыце, калі ласка»;

«У бацькоў у сэрванце на пару тысячаў дакладна такога барахла. Час пачынаць бізнэс».

Гэта далёка не самы дарагі набор з крышталю ў каталогу «Нёмана». Набор для віскі «Эдынбург» з шасці шклянак і графіна каштуе 535 рублёў 80 капеек. Праўда, і выглядае ён даражэй. Набор шклянак з рэльефным дэкорам без графіна каштуе прыкладна столькі сама, колькі шклянкі з рэкламнага відэа – 275 рублёў 80 капеек. Набор шклянак для віскі аналагічнага аб'ёму са шкла каштуе 67,10 рублёў за шэсць штук.

Самая дарагая ў каталогу крышталю – дэкаратыўная ваза «Паляванне на качку» вышынёй 26,7 см. Яна каштуе 5 708 рублёў 50 капеек.

А заробак – 1000 рублёў?

«Гэты завод майстру выдзімання плаціць 1000 рублёў за месяц, а кошты гняце для заробкаў адміністрацыі», – напісаў адзін з каментатараў.

«Усе годныя майстры ў вас з'ехалі на такі самы завод у Беласток. Або матляюцца на заробках у ЕЗ», – напісаў іншы ў адказ на заўвагу прадстаўніка завода, што ў майстроў годныя заробкі.

Апошнія навіны