BE RU EN

Мерц выступіў у падтрымку забароны на «Паўночны струмень»

  • 23.05.2025, 19:24

Канцлер ФРГ хоча перашкодзіць перазапуску газаправодаў.

Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) актыўна падтрымлівае прапанаваную ЕЗ забарону на газаправоды «Паўночны струмень», якія злучаюць Расею і Нямеччыну, каб перашкодзіць любым спробам ЗША і Расеі аднавіць пастаўкі расейскага газу ў Еўропу, паведаміла ў пятніцу, 23 траўня, лонданская газета The Financial (FT) (пераклад – «Нямецкая хваля») са спасылкай на крыніцы.

Паводле словаў трох суразмоўцаў выдання, урад Мерца на гэтым тыдні заявіў, што падтрымлівае такую забарону ў рамках чарговага пакету санкцый ЕЗ супраць Расеі за яе вайну супраць Украіны. Тым самым, адзначылі крыніцы, канцлер імкнецца спыніць любыя ўнутраныя дыскусіі пра магчымую мэтазгоднасць перазапуску газаправодаў.

Адна з крыніцаў расказала, што паведамленні FT у сакавіку пра спробы блізкіх да Крамля расейскіх і амерыканскіх бізнэсмэнаў перазапусціць прыватныя газаправоды «Паўночны струмень» і «Паўночны струмень – 2» падштурхнулі Мерца да абмеркавання з чыноўнікамі ў Берліне і Брусэлі таго, як гэтаму перашкодзіць.

Уключэнне «Паўночнага струменю» ў санкцыйны пакет

Даданне «Паўночнага струменю» ў санкцыйны спіс ЕЗ «патэнцыйна пазбаўляе Мерца ад палітычнай праблемы», адзначыў суразмоўца FT. Такі крок таксама дазваляе Мерцу «еўрапеізаваць» лёс газаправода і прадухіліць варыянт, пры якім Берліну давядзецца ў адзіночку спраўляцца з магчымым ціскам з боку ЗША і Расеі, адзначыў іншы чыноўнік.

Хоць нямецкая дзяржава не мае кантролю ні над адной з чатырох трубаў, большая частка якіх на гэты момант выведзеная са строю ў выніку падрыву ў 2022 годзе, Берліну ў выпадку такога ціску ўсё ж давялося б развязаць пытанне сертыфікацыі для любога паўторнага запуску газаправода.

«Гэта праўда, што канцлер актыўна падтрымлівае санкцыі супраць «Паўночнага струменю – 2». Адна з мэтаў нашых санкцый – пазбавіць Расею прыбыткаў, якія могуць быць выкарыстаныя для фінансавання яе агрэсіўнай вайны супраць Украіны, што парушае нормы міжнароднага права. Гэта ўключае прыбыткі ад экспарту выкапнёвага паліва», – заявіў прадстаўнік ураду ФРГ.

Запланаваныя санкцыі ЕЗ

Санкцыі ЕС, якія распрацоўваюцца цяпер, будуць накіраваныя супраць Nord Stream 2 AG – зарэгістраванай у Швэйцарыі кампаніі-ўладальніцы трубаправода, – а таксама супраць любых іншых кампаній (расейскіх ці нерасейскіх), неабходных для яго аднаўлення і эксплуатацыі, расказалі FT дасведчаныя крыніцы.

Старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen) на мінулым тыдні згадала «Паўночны струмень» як частку «новага пакету санкцыяў», над якім працуе яе каманда. Паводле словаў крыніцы, перад гэтым яна пракансультавалася з Мерцам, які падтрымаў гэтую пастанову. Афіцыйныя перамовы Еўракамісіі з урадамі краінаў ЕЗ павінны пачацца ў найбліжэйшыя выходныя, дадалі крыніцы. Санкцыі могуць быць прынятыя толькі аднагалосна.

Апошнія навіны