Польшча заявіла пра перахоп самалёта РФ
- 23.05.2025, 18:08
Самалёт рабіў небяспечныя манеўры.
У чацвер, 22 траўня, польскія знішчальнікі перахапілі расейскі бамбавік Су-24 у міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам.
Пра гэта заявіў у пятніцу, 23 траўня, міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш падчас прэс-канферэнцыі, паведамляе RMF24.
Касіняк-Камыш паведаміў, што ў чацвер, 22 траўня, увечары Аб'яднанае аператыўнае камандаванне сілаў NATO ў Еўропе выдала загад чарговай польскай пары знішчальнікаў перахапіць расейскі бамбавік Су-24.
Паводле ягоных словаў, расейскі самалёт рабіў небяспечныя манеўры ў міжнароднай паветранай прасторы над Балтыйскім морам.
«Гэтыя дзеянні былі наўмыснымі і ўяўлялі пагрозу», – заявіў міністр.
Паводле ягоных словаў, польскія лётчыкі змаглі выявіць, перахапіць і эфектыўна адціснуць расейскі самалёт.
Польскі міністр абароны таксама пракаментаваў частыя правакацыі Расеі ў паветранай прасторы каля межаў NATO – асабліва праз геаграфічнае размяшчэнне Калінінградскай вобласці, адкуль расейскія самалёты часта лятаюць без уключаных транспондэраў, без падачы планаў палётаў і без сувязі з дыспетчарскімі службамі.
«Мы ўстойлівыя да правакацый, але рэагуем катэгарычна – як самастойна, так і ў рамках Альянсу», – падкрэсліў Касіняк-Камыш.