Галоўная суднаходная кампанія РФ сутыкнулася з вялізнымі стратамі
- 23.05.2025, 17:46
«Саўкамфлот» займаецца перавозкамі нафты і газу.
Галоўная расейская суднаходная кампанія «Саўкамфлот» у першым квартале гэтага года панесла чыстыя страты памерам 393 млн даляраў. Такія звесткі прыводзіць Reuters.
Кампанія таксама паведаміла пра падзенне прыбыткаў у першым квартале на 49% у гадавым вылічэнні – да 278,5 млн даляраў.
Асноўныя страты тлумачаць новымі заходнімі абмежаваннямі, якія прывялі да аперацыйных праблемаў, а таксама зніжэннем прыбыткаў і прастоем некаторых судоў кампаніі.
Паколькі ўвесь бізнэс «Саўкамфлоту» разлічваецца ў замежнай валюце, кампанія панесла дадатковыя страты праз умацаванне рубля.
На думку спецыялістаў, гэтая сітуацыя яскрава дэманструе, што антырасейскія санкцыі, уведзеныя праз вайну ва Украіне, наносяць значную шкоду расейскай эканоміцы, якая няўхільна слабее.
Нагадаем, краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць кампаніі «Саўкамфлот» і ягонага флоту летась. Меркавалася, што гэта зменшыць прыбыткі Масквы ад продажу нафты.
У студзені ЗША дадалі новыя караблі «Саўкамфлоту» у спіс санкцыйных актываў, а таксама адклікалі амерыканскую ліцэнзію, выдадзеную летась, якая дазваляла некаторым судам працаваць насуперак санкцыям.