Трамп абвясціў пра намер увесці 50% мыты на тавары з ЕЗ з 1 чэрвеня
- 23.05.2025, 17:07
Прэзідэнт ЗША расказаў пра прычыны такой пастановы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра намер увесці мыты памерам 50% на імпарт тавараў з Еўрапейскага Звязу з 1 чэрвеня 2025 года.
Пра гэта ён паведаміў у сацыяльнай сетцы Truth Social, абвінаваціўшы ЕЗ у стварэнні несправядлівых гандлёвых умоваў для амерыканскіх вытворцаў.
Паводле словаў Трампа, ЕЗ быў створаны з мэтай атрымання выгады ад гандлю з ЗША, але стаў занадта складаным і неспрыяльным партнёрам. Сярод прычынаў увядзення мытаў ён назваў гандлёвыя бар'еры, высокія падаткі на даданую вартасць, штрафы супраць амерыканскіх кампаній, валютныя маніпуляцыі і неабгрунтаваныя судовыя пазовы.
Трамп падкрэсліў, што праз такія захады гандлёвы дэфіцыт ЗША з ЕЗ перавышае 250 мільёнаў даляраў за год, што з'яўляецца недапушчальным. Паводле ягоных словаў, перамовы не далі вынікаў, таму ён прапануе ўвесці прамыя мыты памерам 50%, якія не закрануць тавары, вырабленыя ў ЗША.