Польшча разглядае прапанову Літвы далучыцца да пазову супраць Лукашэнкі
- 23.05.2025, 11:47
Дыктатара абвінавачваюць у парушэнні міжнародных дамоў.
Польшча загадзя ведала, што Літва рыхтуе пазоў супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны суд ААН. Цяпер польскі бок вывучае прапанову афіцыйнай Вільні далучыцца да гэтага пазову. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе МЗС Польшчы на запыт «Еврорадио».
«Міністэрства з задавальненнем адзначае завядзенне Літвой справы супраць Беларусі ў Міжнародным судзе. Мы адзначаем, што ведалі пра гэтыя планы і згодныя з ацэнкай Літвы аб грубым парушэнні Беларуссю міжнароднага права, у тым ліку пратакол супраць незаконнай перавозкі мігрантаў.
Польскае Міністэрства замежных спраў уважліва разглядае прапанову Літвы ў кантэксце магчымага ўдзелу нашай краіны ў разглядзе», - гаворыцца ў адказе МЗС.
19 траўня Літва падала ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць Беларусі за арганізацыю міграцыйнага крызісу на мяжы. Афіцыйная Вільня абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў парушэнні міжнародных дамоў, уключаючы пратакол супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. Пазней літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа прапанаваў краінам рэгіёну, якія пацярпелі ад міграцыйнага крызісу, далучыцца да пазову.