BE RU EN

Foreign Policy: Што чакае Ілана Маска далей?

  • 23.05.2025, 11:15

Мільярдэр паступова адыходзіць ад «свету Трампа».

На фоне пагаршэння рэпутацыі ў ЗША і ахаладжэння стасункаў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, найбагацейшы чалавек у свеце Ілан Маск шукае новыя шляхі для развіцця свайго бізнэсу. Апошні прыпынак - краіны Персідскай затокі, дзе ён спадзяецца кампенсаваць страты і знайсці новыя крыніцы даходу, піша амерыканскае выданне Foreign Policy (пераклад - сайт Charter97.org).

У час нядаўняга візіту Трампа ў рэгіён, ключавым вынікам сталі маштабныя інвестыцыйныя пагадненні на суму $2 трлн з Савудаўскай Арабіяй, Катарам і ААЭ. Маск стаў адным з галоўных бенефіцыяраў гэтых угод. На інвестыцыйным саміце ў Эр-Рыядзе было абвешчана, што спадарожнікавы інтэрнэт Starlink ад кампаніі SpaceX атрымаў ухвалу на выкарыстанне ў Савудаўскай Арабіі. Акрамя таго, Tesla адкрыла ў краіне першыя аўтасалоны, а стартап Neuralink, які распрацоўвае чыпы для ўжыўлення ў мозг, паведаміў аб правядзенні першых клінічных выпрабаванняў на Блізкім Усходзе – у Абу-Дабі.

Аднак не ўсё так гладка. Маск сутыкаецца з сур'ёзным ціскам у ЗША. Яго цесная сувязь з Трампам, у тым ліку шматмільённыя ахвяраванні на выбарчую кампанію і ўдзел ва ўрадавай ініцыятыве па скарачэнні дзяржвыдаткаў (DOGE), абярнулася байкотам яго кампаній. Продажы Tesla ўпалі на рэкордныя 13% у першым квартале 2025 года, а прыбытак - больш чым на 70%. Пратэсты і нават акты вандалізму супраць брэнда фіксуюцца як у Еўропе, так і ў саміх Штатах.

Цікава, што пры гэтым за мяжой сувязі Маска з Трампам часам, наадварот, гуляюць яму на руку: паводле інфармацыі The Washington Post, некаторыя краіны пайшлі на ўхвалу Starlink пад ціскам адміністрацыі Трампа або ў надзеі ўмацаваць дачыненні з Белым домам.

Але і тут наспяваюць перамены. Маск паступова адыходзіць ад «свету Трампа». Яго 130-дзённы тэрмін у якасці «спецыяльнага дзяржслужбоўца» падыходзіць да канца, а згадкі пра яго з боку адміністрацыі і рэспубліканцаў у Кангрэсе сталі прыкметна радзейшымі. Сам Трамп не пісаў пра Маска ў сацыяльных сетках ужо больш за месяц.

Маск паступова адыходзіць ад палітычнай дзейнасці. Ён заявіў журналістам, што цяпер будзе прыязджаць у Вашынгтон «раз на два тыдні», а на эканамічным форуме ў Катары адзначыў, што плануе «значна скараціць» палітычныя выдаткі.

«Калі ўбачу сэнс даваць грошы на палітыку - выдаткую. Пакуль такога сэнсу не бачу», - сказаў ён.

Аднак мільярдэр пакуль не знік канчаткова з кола найбліжэйшых да Трампа асоб. Ён прысутнічаў у Авальным кабінеце падчас няпростай сустрэчы з прэзідэнтам ПАР Сірылам Рамафосам, а таксама правёў сустрэчы на Капіталійскім узгорку і ў Пентагоне.

Але нават у паездцы па Затоцы Маска крыху засланілі іншыя прадстаўнікі буйнога амерыканскага бізнэсу, такія як Nvidia, Amazon, Uber і OpenAI. Асабліва выгадна выглядае пазіцыя Nvidia, якая падпісала пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне ШІ з Савудаўскай Арабіяй і можа атрымаць значныя кантракты на пастаўку чыпаў у рамках угодаў Трампа.

Пакуль што план Маска відавочны - вярнуцца да бізнэсу. Але наколькі эфектыўна ён зможа аднавіць пазіцыі, якія пахіснуліся, і выратаваць багацце, якое ўжо скарацілася больш чым на $60 мільярдаў сёлета — пытанне застаецца адкрытым.

Апошнія навіны