BE RU EN

«Усякія даляры – і «старыя», і «новыя» – памяняць вельмі складана»

  • 23.05.2025, 13:50

Беларусы расказалі аб праблемах у абменніках.

Нядаўна кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка расказаў, што беларусы лічаць усё ў далярах па звычцы. Ён упэўнены, што неўзабаве насельніцтва ад яе пазбавіцца, а палітыка дэвалютызацыі ўжо прыносіць свой плён. Тым часам курс даляра ў траўні знізіўся, а эпапея са «старымі» і «новымі» далярамі прадаўжаецца.

Адна з беларусак дзеліцца: «Нядаўна пазычыла ў знаёмых суму ў далярах новага ўзору, вярнуць сказалі таксама новымі». «Салідарнасць» спытала ў беларусаў унутры краіны, ці сочаць яны за курсам даляра і ў якой валюце захоўваюць «падушку бяспекі». (Усе імёны суразмоўцаў змененыя).

«Я неяк мяняў дзве купюры, адну ўзялі, другую — не»

- Натуральна сачу за курсам, і ўвесь час. У нас хоць разлікі ў далярах забароненыя, але ўсё адно кошты нерухомасці, аўтамабіляў, запчастак і іншага эквівалентныя даляру, - распавядае Ігар. - І назапашванні таксама захоўваю ў далярах. Часам мяняю еўра. Уласна, усякая валюта, толькі не беларускі рубель.

Цяпер курс даляра ўпаў, гэта мяне радуе. Калі атрымліваеш заробак у беларускіх рублях, значыць, зможаш больш набыць даляраў. У апошні час мяняю праз банкамат. За адну аперацыю можна набыць 100-200$. Купюры ў гэтых банкаматах у ідэальным стане - без бруду і падраных куткоў. Гэта цяпер важна, бо ўсякія даляры - і «старыя», і «новыя» памяняць вельмі складана.

Нацбанк прапісаў патрабаванні, паводле якіх многія купюры проста не прымаюць. Я неяк мяняў дзве купюры, адну ўзялі, другую - не.

Кажуць: «Замяніце яе». Я думаю: у мяне іх што, 50 штук? У іншым банку прынялі, хаця таксама пільна разглядалі.

Патрабаванні адзіныя, але я думаю, што тут больш спрацоўвае страх касіраў - баяцца браць на сябе адказнасць. Ведаю, што цяпер шмат хто бярэ чэкі ў банках, бо, бывае, сёння купляеш даляры ў банку, а заўтра гэтую ж купюру ўжо не прымаюць — маўляў, «неплатаздольная». Не ведаю, ці ёсць сэнс браць гэтыя чэкі, бо нумар банкноты там усё адно не прапісаны, але некаторыя перастрахоўваюцца.

Ці перастануць беларусы лічыць ці зберагаць у далярах? Я думаю, не. Нам ужо гадоў 20 кажуць, што вось-вось мы адыдзем ад гэтага. Куды не паглядзі - усё эквівалентна даляру ці еўра. Тая ж размытнёўка ў еўрах - а чаму не ў рублях ці юанях?

«Банкноты новага ўзору да нас не завозяць, а калі набываць старыя, то потым могуць быць пытанні з абменам»

Марыя таксама ўвесь час сочыць за курсам даляра.

- У мяне аплата рэпетытара па ангельскай прывязаная да даляра, так што радуе, што ў апошні час ён патаннеў і я плачу менш. А вось мой муж атрымлівае заробак у еўрах, якія таксама таннеюць, і гэта ўжо, вядома, не радуе.

Пры гэтым часам жанчына мяняе даляры на беларускія рублі. Паводле яе слоў, даляры старога ўзору банкі мяняюць, але калі ёсць пацёртасці або бруд, то бяруць камісію.

— Назапашаныя грошы ў нас у далярах, еўрах, крыху ў злотых. Але зараз я даляры не набываю - банкноты новага ўзору да нас не завозяць, а калі купляць старыя, то потым могуць быць пытанні з абменам.

Да таго ж еўра мне зараз больш патрэбна. Напрыклад, для паездак за мяжу. Разлічвацца беларускай карткай у іншых краінах нявыгадна, бо многія банкі ўводзяць камісію нават для валютных картак.

Бацькі набываюць еўра, прычым часам праз сваякоў, якія ездзяць у Еўропу, просяць абмяняць старыя на новыя.

«А 9 раніцы заходжу на сайт і манітору курс валют»

Ягор сочыць за курсам даляра штодзень.

- Ужо выпрацавалася звычка - а 9 раніцы заходжу на сайт і манітору курс валют. Я не веру ў наш рубель, таму ўсе назапашаныя сродкі ў мяне і ў шматлікіх знаёмых у далярах. У іх жа ацэньваю ўсе кошты - пачынаючы ад ежы і заканчваючы кватэрай.

Даляры не мяняю, таму не магу сказаць, як зараз з абменам старога ўзору. Але многія знаёмыя, у тым ліку тыя, якія працуюць у банках, гавораць, што гэта праблематычна.

«Апошні раз я набывала даляры ў сакавіку, і новых купюр не было»

Ірына, у адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў, за курсам не сочыць:

- Грошы адкладаю ў беларускіх рублях, бо гэта невялікія сумы. Не бачу сэнсу іх абменьваць. Але сярод знаёмых большасць адкладае ў далярах, прычым імкнуцца набыць менавіта новага ўзору.

А яшчэ я адзін раз назірала ў банку такую сітуацыю: мужчына памяняў даляры на беларускія рублі, а пасля яго, наадварот, хацелі даляры купіць. Але яму адказалі: даляраў няма. Атрымліваецца, што ў банках іх збіраюць і неахвотна прадаюць.

Наста таксама адкладае ў беларускіх рублях, але часова:

- Я сачу за курсам. Цяпер ён апусціўся да трох рублёў, таму пакуль што не мяняю рублі ў даляры. Хачу пазбегнуць сітуацыі, калі ён раптам стане яшчэ больш таннець. Апошні раз я набывала даляры ў сакавіку, і новых купюр не было. Мяняю таксама перыядычна - апошні раз старога ўзору прынялі, але вельмі пільна разглядалі.

А Ірына адкладае адразу ў трох валютах: беларускіх, далярах і еўрах.

- Я за курсам не сачу. Калі трэба, проста купляю. Звычайна па 100-200 даляраў ці еўраў. У апошні час толькі еўраў: з далярамі, па-першае, зараз праблемы, па-другое, для паездак за мяжу мне больш падыходзяць еўра.

Я б ужо, можа, больш адкладала б у беларускіх. Але даляры таксама патрэбныя. Напрыклад, калі рамантуем аўто, то разлічвацца просяць у далярах. Калі набываць аўтамабіль, то гэта таксама даляры.

Апошнія навіны