«Ішла закрываць бальнічны»
- 23.05.2025, 8:09
Бацька расказаў пра 14-гадовую дачку, якая памерла ў лякарні ў Ельску.
У рэанімацыі Ельскай цэнтральнай раённай лякарні памерла 14-гадовая дзяўчынка. Следчы камітэт пачаў праверку абставінаў яе смерці.
Паведамленне аб трагедыі паступіла ў раённы аддзел унутраных спраў 17 траўня 2025 года. Непаўналетняя 2011 года нараджэння памерла ў рэанімацыйным аддзяленні лякарні.
- Падчас праверкі прызначаныя ўсе неабходныя экспертызы, - адзначылі ў СК. — Пасля правядзення працэсуальных дзеянняў і праверачных мерапрыемстваў па гэтым факце будзе дадзеная прававая ацэнка, у тым ліку дзеянням асоб, якія надавалі медыцынскую дапамогу.
Як паведаміў Onliner бацька дзяўчынкі, да таго як патрапіць у лякарню, яна 4 дні была на бальнічным - з кашлем і болямі ў горле.
У той дзень (16 траўня) яна ішла закрываць бальнічны, бо пачувалася добра, тэмпературы не было. Яна нават паспела паведаміць класнаму кіраўніку, што гатова вярнуцца да заняткаў.
Дзяўчынку суправаджала маці, яны разам даведаліся: трэба шпіталізавацца, бо ў лёгкіх былі хрыпы. Блізу 10 гадзін раніцы падлетка накіравалі ў лякарню. Перад афармленнем яна зайшла да бабулі, каб сабраць рэчы. Прыкладна аб 11-й гадзіне дзяўчынка была ў лякарні.
Са слоў бацькі, праз некалькі гадзін (а 13:35) бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што дзіця ў коме ў рэанімацыі.
А 17:30—17:40 прыехала рэанімацыйная машына з Мазыра, аднак была прынятая пастанова чакаць спецыялістаў з Гомеля — яны прыехалі прыкладна а 23:30. Яшчэ за 2,5 гадзіны да гэтага (блізу 21:00) бацькоў папярэдзілі, што трэба рыхтавацца да горшага: у дзіцяці неаднаразова спынялася сэрца.
А 23:50 бацьку паведамілі, што дзяўчынка памерла.
Вядома, што дзяўчынка выхоўвалася ў шматдзетнай сям'і - у яе засталіся тры сястры і два браты. Нябожчыца была другой па старшынстве. Яна вучылася ў сёмым класе. Са слоў бацькі, дачка захаплялася спортам - займалася бегам. У будучыні хацела стаць настаўніцай і марыла навучыцца ездзіць на матацыкле.