BE RU EN

УСУ атакавалі НПЗ «Раснафты» у Разані

  • 22.05.2025, 21:49

Сэрвіс NASA зафіксаваў пажар.

Амерыканская сістэма маніторынгу пажараў FIRMS, распрацаваная NASA, зафіксавала загаранне на тэрыторыі Разанскага нафтаперапрацоўчага завода «Раснафты» пасля нападу ўкраінскіх беспілотнікаў, паведамляе Astra. Канал апублікаваў спадарожнікавыя здымкі FIRMS, на якіх, як сцвярджаецца, зафіксаванае загаранне на тэрыторыі, якая адносіцца да прадпрыемства.

Перад пажарам Разань атакавалі беспілотнікі. Паводле звестак Mash, у раёне нафтазавода збілі як мінімум пяць дронаў. У 17:44 у рэгіёне была абвешчаная пагроза нападу БПЛА, паведаміў канал «112 Апавяшчэнне Разанскай вобласці».

Разанскі НПЗ уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Расеі. Ён забяспечвае палівам у тым ліку і Маскоўскі рэгіён. Гэта не першая атака на завод: у лютым пасля ўдару беспілотніка на прадпрыемстве ўзнік пажар. У выніку НПЗ быў змушаны спыніць перапрацоўку нафты.

Паводле ацэнак Reuters, толькі ў 2025 годзе Расея страціла не менш за 10% сваіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў у выніку нападаў на заводы. Год таму, у 2024-м, удары дронаў і цяжкасці з рамонтам абсталявання прывялі да зніжэння аб'ёмаў перапрацоўкі да мінімальнага ўзроўню за апошнія 12 гадоў – 267 млн тонаў. Экспарт нафтапрадуктаў пры гэтым скараціўся на 9%, склаўшы 113,7 млн тонаў.

Адказам расейскіх уладаў стала засакрэчванне статыстычных звестак. У траўні 2024 года Міністэрства энэргетыкі перастала перадаваць у Расстат аператыўную інфармацыю пра выпуск бензіну, а ў жніўні таго ж года былі засакрэчаныя звесткі пра вытворчасць дызельнага паліва.

Паводле інфармацыі Reuters, да лютага 2025 года аб'ём прастою магутнасцяў першаснай перапрацоўкі нафты на расейскіх НПЗ вырас да 3,5 млн тон супраць 2,3 млн тонаў у студзені. Рост тлумачыцца, у тым ліку, аварыйнымі прыпынкамі шэрагу заводаў – у Разані, Саратаве, Сызрані і Валгаградзе – пасля ўдараў БПЛА. У цэлым экспарт нафтапрадуктаў з Расеі ў лютым скараціўся на 7,5% у параўнанні са студзенем і на 13,6% у гадавым выразе, склаўшы 8,72 млн тонаў. Сярод іншага, экспарт дызелю знізіўся на 6% за месяц – да 3,6 млн тонаў.

На гэтым фоне ўлады РФ увялі забарону на экспарт бензіну. Акрамя таго, істотна знізіліся пастаўкі дызельнага паліва ў замежныя рэгіёны. Так, паводле звестак Цэнтра коштавых індэксаў (ЦКІ), у лютым экспарт дызелю ў Афрыку ўпаў амаль удвая – з 1,27 млн тонаў да 684 тыс. тонаў. Зніжэнне паставак таксама адбылося ў кірунку Бразіліі ды іншых краінаў Паўднёвай Амерыкі, а таксама Турцыі – аднаго з найбуйнейшых рынкаў збыту расейскага дызелю.

Апошнія навіны