BE RU EN

Экс-дарадца Трампа назваў, хто ў ягонай камандзе падтрымлівае Украіну

  • 22.05.2025, 20:49

З кім Украіна можа працаваць і каму даносіць свае інтарэсы?

З усіх чыноўнікаў у адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональд Трампа дзяржсакратар Марка Рубіа з'яўляецца адным з першых, з кім Украіна можа працаваць і каму даносіць свае інтарэсы. Такое меркаванне ў інтэрв'ю LIGA.net агучыў былы дарадца нацыянальнай бяспекі прэзідэнта Трампа ў 2018–2019 гадах Джон Болтан.

Таксама, паводле ягоных словаў, былы дарадца Трампа ў пытаннях нацбяспекі Майкл Уолц спрабаваў дапамагчы Украіне.

«Але сапраўднае пытанне заключаецца ў тым, ці сапраўды Рубіа ці нехта з астатніх спрабуюць паўплываць на Трампа, ці яны проста слухаюць, што ён кажа, і адказваюць: “Так, сэр”. Вонкава гэта вельмі цяжка вызначыць. Падобна, што адбываецца менавіта апошняе», – адзначыў Болтан.

Ён падкрэсліў, што не трэба забывацца, што ва Украіны «вельмі шмат сяброў» у Кангрэсе. Немалая частка з іх з'яўляюцца «гарачымі прыхільнікамі», а многія з рэспубліканцаў проста запалоханыя Трампам.

«Ёсць шмат прыхільнікаў, рэспубліканцаў і дэмакратаў. І іх намаганні пераканаць Трампа не адмаўляцца ад тых крокаў, якія былі зробленыя з моманту ўварвання, я думаю, вельмі важныя», – адзначыў экс-дарадца.

Ён падкрэсліў, што трэба шукаць і іншых у адміністрацыі, якія адкрытыя для абмеркаванняў пытанняў дапамогі Украіне. На думку Болтана, гэта можа быць таксама дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф.

«Я думаю, што гэта варта разгледзець. Але з усіх іх на гэты момант, мне здаецца, Рубіа з'яўляецца найбольш верагодным», – рэзюмаваў экс-дарадца Трампа.

Апошнія навіны