BE RU EN

Калас заклікала Сербію зрабіць «стратэгічны выбар» паміж Захадам і Усходам

  • 22.05.2025, 18:54

Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі здзейсніла візіт у Бялград.

Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас падчас візіту ў Бялград заявіла, што Сербія стаіць перад стратэгічным выбарам свайго геапалітычнага шляху.

Пра гэта яна заявіла падчас свайго візіту ў Бялград, паведамляе AP.

Заява прагучала праз некалькі тыдняў пасля таго, як прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч узяў удзел у парадзе 9 траўня ў Маскве побач з Уладзімірам Пуціным, нягледзячы на папярэджанне з боку ЕЗ. Брусэль катэгарычна асудзіў гэты ўчынак як такі, што падрывае еўраінтэграцыйныя памкненні Сербіі.

«Сербія стаіць перад стратэгічным, геастратэгічным выбарам, дзе яна хоча быць. Еўрапейская будучыня Сербіі залежыць ад каштоўнасцяў, якія яна пастановіць адстойваць», – сказала Кая Калас

Яна пацвердзіла, што абмеркавала з Вучычам ягоны ўдзел у парадзе, заявіўшы: «Я выказала сваё вельмі дакладнае меркаванне. Не разумею, чаму трэба стаяць побач з чалавекам, які вядзе жахлівую вайну ва Украіне».

Прэзідэнт Вучыч растлумачыў, што ўдзел у парадзе быў праявай традыцыйнага сяброўства з Расеяй, якую ён уважае за славянскую і праваслаўную хаўрусніцу. Пры гэтым ён пацвердзіў імкненне да ўступлення ў ЕЗ.

«З маіх размоваў з сербскім палітычным кіраўніцтвам зразумела, што сяброўства ў ЕЗ застаецца стратэгічнай мэтай. Аднак я хачу падкрэсліць, што нам трэба бачыць дзеянні, якія пацвярджаюць і падмацоўваюць гэтыя словы», – сказала Калас.

Яна адзначыла, што для рэальнага прасоўвання да сяброўства ў ЕЗ неабходныя канкрэтныя дзеянні – сярод іншага рэформы, свабода СМІ, барацьба з карупцыяй і выбарчая рэформа. Яна таксама сустрэлася з удзельнікамі пратэстаў, якія патрабуюць дэмакратычных пераменаў.

Расея з'яўляецца гістарычнай праваслаўнай хаўрусніцай Сербіі і асноўнай пастаўшчыцай прыроднага газу, а кампаніі «Газпрам» і «Газпрамнафта» таксама з'яўляюцца ўладальніцамі сербскай нафтавай кампаніі NIS. Масква таксама падтрымлівае Бялград у ягоным супрацьдзеянні незалежнасці Косава. Затое Сербія паслядоўна адмаўляецца далучацца да санкцый ЕЗ супраць Расеі.

Апошнія навіны