Вяртанне «Зорных войн»: ЗША дамагаюцца дамінавання ў космасе
- 22.05.2025, 17:55
Трамп сцвярджае, што "Залаты купал" забяспечыць "амаль 100% абарону".
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў стварыць новую сістэму супрацьракетнай абароны пад назвай "Залаты купал" (Golden Dome), аналаг праграмы "Зорных войнаў" часоў Рональда Рэйгана.
Ён заявіў, што цяпер тэхналогія дазваляе пабудаваць “сучасны ахоўны купал" з выкарыстаннем сотняў ці тысяч спадарожнікаў для выяўлення і перахопу ракет яшчэ на старце, піша The Economist (пераклад - сайт Charter97.org).
Паводле слоў Трампа, праект атрымае $25 млрд пачатковага фінансавання, а агульны кошт складзе $175 млрд. Аднак, паводле ацэнкі Бюджэтнага ўпраўлення Кангрэса, рэальная сума можа перавысіць $500 млрд, а тэрміны расцягнуцца на дзесяцігоддзі.
Трамп сцвярджае, што сістэма забяспечыць “амаль 100% абарону”, аднак эксперты сумняваюцца. Паводле разлікаў Амерыканскага фізічнага таварыства (American Physical Society), для перахопу нават дзесяці паўночнакарэйскіх ракет спатрэбіцца каля 16 тыс. касмічных перахопнікаў. Калі ж даваць 30 секунд на рашэнне, спатрэбіцца больш за 36 тыс.
Праект стаў рэакцыяй на развіццё гіпергукавой зброі і “часткова арбітальных” сістэм у Кітая і Расеі. ЗША больш не могуць спадзявацца толькі на паўночны накірунак пагрозы. Канада таксама прыняла ўдзел у ініцыятыве.
Арбіта становіцца арэнай суперніцтва вялікіх дзяржаў. Расія і Кітай распрацоўваюць спадарожнікі з манеўранасцю і зброяй, здольным выводзіць са строю амерыканскія апараты. Так, у траўні расейскі спадарожнік “Космас-2576” зблізіўся з амерыканскім USA 314, што можа ўказваць на выпрабаванні супрацьспадарожнікавай зброі.
Хаця ЗША самі актыўна манеўруюць у космасе, абвастрэнне барацьбы на арбіце ставіць пад пагрозу як вайсковыя, так і грамадзянскія спадарожнікі. "Залаты купал" - спроба ЗША захаваць дамінаванне ў космасе на фоне росту канкурэнцыі.