BE RU EN

Еўрапарламент прыняў тарыфы на прадукцыю з Беларусі

  • 22.05.2025, 18:33

ЕЗ больш не мае намеру плаціць Маскве і Менску.

Еўрапарламент ухваліў прапанову Еўракамісіі аб падвышэнні мытаў на 50% на цукар, воцат, муку і кармы з РФ і Беларусі, а таксама аб увядзенні тарыфаў на ўгнаенні да 430 еўраў за тону, піша Deutsche Welle.

Падвышэнне на 50 адсоткаў тарыфаў на шэраг сельскагаспадарчых тавараў з Расеі і Беларусі адобрыў у чацвер, 22 траўня, Еўрапейскі парламент у Брусэлі. Размова ідзе аб астатніх прадуктах, якія дагэтуль не абкладаліся ніякімі мытнымі падаткамі ЕЗ, у іх ліку — цукар, воцат, мука і корм для жывёлы. Такім чынам, як толькі новы закон набудзе моц, увесь сельскагаспадарчы імпарт з Расеі будзе абкладацца мытамі Еўразвяза.

Еўрадэпутаты таксама падтрымалі ўвядзенне 6,5% мытаў на ўгнаенні з Расеі і Беларусі, плюс дадатковыя зборы па 40-45 еўраў за тону цягам 2025-2026 гадоў. Да 2028 года гэтыя тарыфы вырастуць да 430 еўраў за тону.

Законапраект быў прыняты ў першым чытанні. Яго падтрымалі 411 дэпутатаў, 100 прагаласавалі супраць, 78 - устрымаліся.

Такім чынам, Еўрапарламент прыняў прапанову, з якой у канцы студзеня выступіла Еўракамісія. Цяпер за яго павінна прагаласаваць Рада ЕЗ.

Новаўвядзенне не закранае расейскі экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў у трэція краіны, падкрэсліваюць у Еўракамісіі, «што адпавядае абавязацельствам ЕЗ па гарантаванні харчовай бяспекі ва ўсім свеце».

Гэта азначае, растлумачыла прэс-служба, што аперацыі куплі-продажу расейскай сельскагаспадарчай прадукцыі застаюцца нязменнымі, роўна як і яе захоўванне на мытных складах Еўразвязу, транспартаванне на яго суднах і наданне паслуг па страхаванні і фінансаванні.

ЕЗ больш не хоча плаціць Маскве і Менску

Даходы, якія Расея і Беларусь атрымліваюць ад угнаенняў, у Брусэлі ўважаюць за наўпроставы ўнёсак у вайну супраць Украіны.

«Пастанова аб паступовым падвышэнні мытных падаткаў на прадукцыю з Расеі і Беларусі дапаможа прадухіліць выкарыстанне Расеяй рынку ЕЗ для фінансавання сваёй вайсковай машыны», - адзначыла раней сталая дакладчыца Еўрапарламента па Расеі Інэсе Вайдэрэ.

Яна ўважае за непрымальны той факт, што больш чым праз тры гады пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Еўразвяз усё яшчэ закупляе ў гэтай краіне крытычна важныя тавары ў вялікіх аб'ёмах. «Фактычна гэты імпарт значна павялічыўся», - заявіла еўрадэпутатка.

Аб'ём імпарту ў ЕЗ мачавіны і азотных угнаенняў з Расеі, і без таго вялікі ў 2023 годзе, істотна вырас у 2024 годзе. Еўракамісія называе гэтую сітуацыю эканамічнай залежнасцю ад РФ і мяркуе, што без належнага ўмяшання яна можа прычыніць шкоду харчовай бяспецы Еўразвязу і, асабліва ў выпадку з угнаеннямі, зрабіць ЕЗ залежным для магчымага ціску з боку Расеі.

Мэта: знізіць залежнасць ЕЗ ад паставак з РФ і Беларусі

Еўразвяз імкнецца знізіць залежнасць ад паставак з Расеі і Беларусі і разлічвае, што новыя захады значна скароцяць аб'ём увозу ў ЕЗ названых вышэй тавараў, якія паходзяць або экспартуюцца непасрэдна або ўскосна з гэтых дзвюх краін.

Гэта павінна прывесці да далейшай дыверсіфікацыі вытворчасці ўгнаенняў у Еўразвязе — сектары, які цяпер пакутуе ад нізкіх коштаў імпартнай прадукцыі, сказана ў прэс-рэлізе Еўрапарламента. Закон таксама дазволіць павялічыць вытворчасць угнаенняў у Еўразвязе, якая пацярпела ад таннага расейскага імпарту, і дасць фермерам час на адаптацыю.

Еўрапарламент даручыў Еўракамісіі адсочваць і ўжываць захады для змякчэння росту цэн, які можа прычыніць шкоду ўнутранаму рынку і сельскагаспадарчаму сектару ЕЗ.

Апошнія навіны