Atlantic Council: Пуцін відавочна цягне час
- 22.05.2025, 10:30
Крэмль сабатуе мірны працэс.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля тэлефоннай размовы з Пуціным у панядзелак выказаў упэўненасць, што расейскі лідар імкнецца да міру. Аднак яго аптымізм падзяляюць далёка не ўсё, піша Atlantic Council (пераклад - сайт Charter97.org).
Вядучыя заходнія палітыкі скептычна паставіліся да незразумелых адсылак Пуціна да «мемарандума аб магчымым мірным пагадненні» і абвінавацілі яго ў зацягванні перамоў.
«Пуцін відавочна цягне час. На жаль, мы вымушаныя прызнаць: ён не зацікаўлены ў міры», - заявіў міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус.
Размова Трампа з Пуціным зноў паставіла пад сумнеў эфектыўнасць амерыканскага лідара ў міратворчым працэсе. Брытанскі часопіс The Economist задаўся пытаннем аб «дзіўнай нерашучасці Трампа ў дачыненні да Пуціна», а аглядальнік The Washington Post Макс Бут абвінаваціў Крэмль у маніпуляванні амерыканскім прэзідэнтам. «Пуцін выкарыстоўвае яго ўцёмную, а Трамп, здаецца, гэтага нават не ўсведамляе», - падкрэсліў ён.
Тым часам у Маскве дзяржаўныя СМІ назвалі перамовы «дыпламатычным трыумфам» Расеі. Са слоў карэспандэнта BBC Стыва Розэнбэрга, расейскія выданні «радуюцца» з нагоды тэлефоннай размовы.
З лютага, калі Трамп ініцыяваў мірныя перамовы, Украіна выказала гатоўнасць да безумоўнага спынення агню і пагадзілася на значныя тэрытарыяльныя саступкі. Расея ж працягвае адхіляць замірэнне, выстаўляючы ўсё новыя патрабаванні і ствараючы перашкоды для рэальнага прагрэсу. Пуцін нават заявіў, што ў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага нібыта няма легітымнасці падпісваць мірную дамову, і прапанаваў перадаць Украіну пад кіраванне ААН.
Апошнія дыпламатычныя падзеі толькі пацвердзілі нежаданне Крамля спыняць вайну. Калі лідары Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Польшчы выставілі Пуціну ўльтыматум аб спыненні агню, ён у адказ прапанаваў правесці двухбаковыя перамовы з Украінай. Аднак сам на сустрэчу ў Стамбуле не прыбыў, адправіўшы туды дэлегацыю нізкага ўзроўню, што было расцэнена як грэбаванне ў стаўленні да Кіева і краін Захаду.
На перамовах у Стамбуле прадстаўнікі Расеі выставілі ўльтыматыўныя патрабаванні: Украіна павінна афіцыйна перадаць Расеі чатыры вобласці, уключаючы буйныя гарады, якія Расея не змагла захапіць ваенным шляхам. У выпадку адмовы Масква прыстрашыла пашырыць свае дамаганні да шасці рэгіёнаў.
«Мы ваявалі са Швэцыяй 21 год. А колькі вы гатовы ваяваць?» - заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі, намякаючы на Вялікую Паўночную вайну. - «Можа быць, хтосьці з вас таксама страціць блізкіх. Расея гатовая ваяваць вечна».
Хаця Пуцін рэдка выказваецца так адкрыта, ён працягвае намагаць, што ўсякія перамовы павінны ліквідаваць «карэнныя прычыны» канфлікту. Пад гэтым маюцца на ўвазе нейтральны статус Украіны, яе раззбраенне і русіфікацыя адукацыі, гісторыі і рэлігіі. Кожны ўкраінскі лідар, які б пагадзіўся на такія ўмовы, падпісаў бы смяротны прысуд сваёй дзяржаве.