На саміце NATO ў Гаазе абмяркуюць ваенную падтрымку Украіны
- 21.05.2025, 20:53
Пра гэта паведаміў генеральны сакратар альянсу Марк Рутэ.
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што падчас саміту Альянсу ў Гаазе дзяржавы-чальцы засяродзяцца на тэме ваеннай дапамогі Украіне. Паводле ягоных словаў, мэта – забяспечыць найлепшыя ўмовы для ўкраінскага супраціву і доўгачасовага мірнага пагаднення ў будучыні.
Рутэ падкрэсліў, што падчас саміту 32 дзяржавы-чальцы NATO абмяркуюць доўгі мір ва Украіне і яе падтрымку, пакуль прадаўжаюцца ваенныя дзеянні.
«Што тычыцца Украіны, гэта таксама будзе тэмай абмеркавання на саміце (NATO ў Гаазе), мы павінны пераканацца, што Украіна, пакуль прадаўжаецца барацьба, атрымае ўсю магчымую калектыўную падтрымку, каб мець найлепшую магчымую пазіцыю для яе прадаўжэння», – падкрэсліў Марк Рутэ.
«А калі наступіць мір, каб гэта было спыненне агню або мірнае пагадненне, якое будзе доўгім, устойлівым», – дадаў ён.
Генеральны сакратар NATO падкрэсліў, што неабходна «каб мы ніколі не вярнуліся да паўтарэння таго, што мы бачылі з Менскімі дамоўленасцямі».
«Менавіта гэтага я чакаю ад Гаагскага саміту, і я даволі ўпэўнены, што мы зможам гэтага дасягнуць», – падкрэсліў ён.
«Гэта сапраўды пакажа, што NATO ў складзе 32 краінаў, з эканомікай аб'ёмам 50 трыльёнаў даляраў, калі аб'яднаць усё гэта разам з выдаткамі на абарону на такім узроўні, што мы сапраўды здольныя абараніць сябе ад любога ворага», – падсумаваў Марк Рутэ.