Нечаканы госць з'явіўся на матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі
- 21.05.2025, 17:02
Суддзя вымушаны быў спыніць сустрэчу.
У чарговым матчы элітнага беларускага дывізіёна, які быў згуляны 20 траўня, адбыўся кур'ёзны выпадак, піша «Точка».
Суддзя вымушаны быў спыніць сустрэчу паміж мазырскай «Славіяй» і жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ» на 71-й хвіліне з-за з'яўлення госця на газоне.
Ім стаў мясцовы сабака, які змог прабегчы на поле міма сцюардаў і бол-баёў.
Чорны сабака больш за хвіліну знаходзіўся на стадыёне, пакуль не быў выведзены да трыбунаў.
Спачатку такую спробу распачаў нападнік гаспадароў Ілля Кухарчык.
Форвард прыцягнуў увагу сабакі, пагладзіў яго і паспрабаваў прайсці з ім за межы газона. Але з першай спробы зрабіць гэта не атрымалася.
Сабака вярнуўся на поле, каб яго пагладзілі яшчэ некалькі гульцоў.
Пасля гэтага ў справу ўключыліся бол-баі, якія ў выніку адвялі пухнатага «заўзятара» на законнае месца.
Нягледзячы на мілату эпізоду, камандзе гаспадароў згодна з рэгламентам пагражае пакаранне аж да грашовага штрафу.
Матч закончыўся мінімальнай перамогай «Славіі». Адзіны гол забіў той самы Кухарчык, які выводзіў сабаку з поля.