BE RU EN

Кітай правёў вучэнні для высадкі марскога дэсанту на Тайвані

  • 21.05.2025, 14:24

У дзень першай гадавіны кіравання прэзідэнта астраўной Рэспублікі.

Народна-вызваленчае войска Кітая (НВАК) адпрацавала высадку дэсанту з мора ў раёне Тайванскай затокі, паведамляе South China Morning Post. Вучэнні адбыліся 20 траўня, у дзень першай гадавіны кіравання прэзідэнта Тайваня Уільяма Лай Цындэ, якога афіцыйная прапаганда КНР раней назвала «паразітам», піша The Moscow Times.

У аперацыі ўдзельнічала 73-я вайсковая група наземных войскаў мацерыковага Кітая, раскватараваная ў Сямыне ў правінцыя Фуцзянь, за 30 км ад выспы Цзіньмыньдао (Цзіньмэнь) у заходняй частцы Тайванскага праліва. Гэта выспа знаходзяцца пад кантролем уладаў Тайваня, які Пекін уважае за частку Кітая. Войскі НВАК адпрацавалі тактыку і навыкі манеўравання ў прыбярэжнай паласе і дэсантных аперацый з выкарыстаннем браняваных плывучых машын. Падчас вучэнняў задзейнічалі БМП ZBD-2000, якія здольныя разганяцца да 40 км/г у моры, транспартуючы цяжкае абсталяванне.

У сераду Мінабароны Тайваня паведаміла аб 15 баявых вылетах самалётаў НВАК, а таксама васьмі вайсковых караблёў і адным цывільным судне Кітая, што было заўважанае падчас манеўравання паблізу выспы.

Вучэнні НВАК праводзіліся ў дзень, калі Лай Цындэ выступаў з выніковай прамовай, у якой ён паабяцаў узмацніць абарону Рэспублікі і яе самастойнасць з мэтай гарантавання бяспекі і стабільнасці на фоне росту напружанасці паміж дзвюма кітайскімі дзяржавамі.

Папярэднія буйныя вучэнні ля паўночнага, паўднёвага і ўсходняга ўзбярэжжа Тайваня КНР правяла ў пачатку красавіка. Як паведамляла «Сіньхуа», у аперацыі ўдзельнічалі наземныя падраздзяленні, ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы, а таксама ракетныя войскі НВАК. У Пекіне заявілі пра «жорсткае папярэджанне» сепаратысцкім сілам астраўной Рэспублікі.

Апошнія навіны