BE RU EN

«Адзіная надзея, што дзеці змогуць наш «палац» атрымаць у спадчыну»

  • 21.05.2025, 12:29

Ці так танна прыватызаваць службовае жыллё?

Чытачка сайта Charter97.org расказала аб працэсе прыватызацыі дома, які выдала ейнай сям'і дзяржава:

- Некалі даўно, гадоў 20 назад, завабілі нас у сельскую гаспадарку, якая знаходзіцца ў прытачным месцы, 40 км ад Менска.

Выдалі нам службовае жытло – асобны дом з агародчыкам. Для нас, шматдзетнай сям’і, гэта было вялікае шчасце — нарэшце займець свой кут!

Прыгожа расказалі нам пра магчымасць праз 5 гадоў выкупіць гэты дом. Але прамінула 5 гадоў, затым 10, а прыватызацыя ўсё адкладвалася і адкладвалася. Але падзецца нам ужо з гэтага карабля не было куды.

Так мы сталі вязнямі дома. Жылі ўвесь час як на парахавой бочцы, баючыся, што кожная спрэчка, канфлікт можа скончыцца высяленнем у чыстае поле. Так, дарэчы, тутэйшыя начальнічкі і казалі: звальняйся, высяляйся – ніхто цябе тут не трымае!

Дапрацавалі мы з мужам да пенсіі, і вось нарэшце надышоў той шчасны момант, калі нам далі права прыватызаваць дом. Узрадаваліся мы, пагадзіліся. Але сума за дом для 2 пенсіянераў — проста надмерная: 380 рублёў штомесяц. Гэта трохі больш як палова адной пенсіі. Дый плаціць трэба ажно 20 гадоў! Ці дажывём мы да таго часу, калі можна будзе з гонарам сказаць “Мы ўласнікі дома”?.

Паразважалі мы, памеркавалі, дый вярнуліся ў калгас на працу, каб хоць неяк пратрымацца на плаве, пакуль яшчэ здароўе дазваляе.

Вось так, самі таго не падазраваючы, сталі закладнікамі і рабамі заганнай сістэмы. А яшчэ амаль наш дом патрабуе грунтоўнага рамонту, бо пакуль мы жылі ў ім як у скарбовым, то рабілі толькі касметычны рамонт, а дом жа любіць догляд. А для догляду патрэбныя грошы.

Вось так мы, мусіць, і памром на працы ў гэтым калгасным раі… Адзіная надзея, што дзеці змогуць наш “палац” атрымаць у спадчыну.

Апошнія навіны