BE RU EN

EES замест штампаў: як новая сістэма на мяжы ЕЗ закране беларусаў

  • 21.05.2025, 11:03

Ёсць як плюсы, так і мінусы.

Рада ЕЗ і Еўрапарламент дамовіліся аб запуску сістэмы EES на межах Еўразвязу. Дзякуючы ёй будзе адменена штампаванне пашпартоў на межах. Але ці прынясе яно дадатковыя нязручнасці беларусам, якія збіраюцца ў Еўразвяз? «Белсат» разбіраўся з галоўным рэдактарам рэсурсу VisaFlow Настай Лысакоўскай.

Суразмоўніца «Белсата» адзначыла з самага пачатку, калі глядзець на тое, як доўга гэтая сістэма прымалася, то можна зразумець: ні Брусэль, ні краіны, якія ўваходзяць у зону шэнгена, не маюць адзінага меркавання ў гэтым пытанні.

Але калі разглядаць, якія плюсы яна можа прынесці, то, хутчэй за ўсё, у перспектыве мы ўбачым скарачэнне чэргаў на межах.

«Не адразу, бо гэтая праграма, хутчэй за ўсё, будзе тэставацца, і спачатку чэргі магчымыя. Гэта значыць, напэўна, у Літве, Латвіі, дзе раней і цяпер не вельмі вялікая нагрузка, сітуацыя не моцна пагоршыцца. А ў Польшчы, магчыма, гэтая сітуацыя ў пачатку будзе горшая, бо новая сістэма будзе тэставацца, і не факт, што адразу будзе працаваць добра. Гэта трэба прымаць як дадзенасць», - адзначыла Настасся Лысакоўская.

Другім плюсам можна назваць тое, што сістэма будзе дазваляць адсочваць усе ўезды і выезды грамадзян.

«І далей, калі будзе прымацца пастанова аб наступнай візе, консульства будзе бачыць, дзе вы былі і калі абмінулі мяжу, не трэба будзе даказваць гэта дакументамі», – кажа суразмоўца.

Але пры гэтым ёсць і адваротны бок, працягвае Настасся Лысакоўская, бо верагодна, не ва ўсіх краін будзе доступ да гэтай сістэмы і яны не будуць бачыць праходжання межаў. Таму гэты момант можна аднесці як да плюсаў, так і да мінусаў.

«Я думаю, у будучыні гэта ўсё ж такі паскорыць працэс і праходжання мяжы, і наогул, магчыма, афармлення віз. Гэта значыць, што будзе больш інфармацыі ў памежнага кантролю, у міграцыйнай службы і консульства. Гэта палепшыць сістэму, выезды і ўезды будуць лепш кантралявацца», – адзначыла галоўная рэдактарка VisaFlow.

Што тычыцца сітуацыі з выдачай гуманітарных віз, то, на думку Настассі Лысакоўскай, асабліва гэтая сістэма не моцна нешта зменіць. Але ўсё гэта будзе відаць толькі праз нейкі час, бо, як падкрэсліла чарговым разам наша суразмоўніца, сістэму ўводзяць ужо вельмі доўга. Цяпер нейкія памылкі выправілі і нарэшце сышліся ў тым, што яе трэба ўводзіць.

Але вось паўплываць на выдачу пастаянных і часовых дазволаў на жыхарства ў краінах Еўразвязу гэтая сістэма цалкам можа, мяркуе суразмоўца.

«Як мы ведаем, для часовага і пастаяннага дазволаў на жыхарства патрабуюцца доказы праходжання мяжы і знаходжання ў краіне. То бок, гэта будзе празрыста, і ў міграцыйных службаў будзе больш інфармацыі», – рэзюмавала Настасся Лысакоўская.

Апошнія навіны