У ЕЗ пастанавілі ціснуць на Пуціна мацней, хутчэй і крэатыўней
- 21.05.2025, 10:07
У Брусэлі прайшла сустрэча еўрапейскіх міністраў замежных спраў і абароны.
У Брусэлі прайшла міністэрская сустрэча ў максі або «джамба», як яго называюць у кулуарах, фармаце: міністры замежных спраў і міністры абароны краін Еўрапейскага Звязу сабраліся ў Радзе ЕЗ у адзін дзень - у аўторак, 20 траўня. І галоўнай тэмай абедзвюх сустрэч быў мір ва Украіне, паведамляе «Нямецкая хваля».
«Нашым асноўным прыярытэтам застаецца безумоўнае спыненне агню», - падкрэсліла на выніковай прэс-канферэнцыі вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас. Яна сама і ўдзельнікі сустрэч казалі пра неабходнасць прымусіць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоў і пагадзіцца спыніць агонь ва Украіне, як гэта ўжо зрабіў Кіеў. Але Пуцін у гэтым пакуль што, відавочна, не зацікаўлены, трэба ўзмацняць ціск, пастанавілі міністры, каб у яго з'явіліся матывы.
Яны, як і чакалася, зацвердзілі максі-, як і сама сустрэча, пакет санкцый супраць Расеі, у рамках чатырох розных рэжымаў, і тут жа пачалі абмяркоўваць новыя санкцыі. Прычым, са слоў Калас, усе краіны ЕЗ намагаюць, што іх трэба распрацаваць як мага хутчэй.
Кіраўнік МЗС Нямеччыны Ёхан Вадэфуль (Johann Wadephul) заклікаў пры абмеркаванні новых санкцый «у думках ні ў чым сабе не адмаўляць». «Я за тое, каб мы працягвалі разглядаць усе варыянты і дазвалялі сабе думаць нестандартна», - сказаў міністр. Ён перакананы, што Еўропа павінна паслаць «выразны сігнал» прэзідэнту Пуціну, што ад яго цяпер чакаюцца канкрэтныя крокі.
Як нізка ўпадзе парог кошту нафты?
Вядома, што ў якасці адаго з абмежавальных захадаў Еўразвяз мае намер знізіць парог кошту нафты, які пакуль знаходзіцца на ўзроўні 60 даляраў за барэль. Цяпер экспэрты разглядаюць яго як неэфектыўны, бо цяпер кошт расейскай нафты і так ніжэйшы. Многія міністры, у тым ліку і кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга, які прыбыў у Брусэль, адзначылі, што знізіць верхнюю мяжу кошту нафты - самая эфектыўная мера ў дачыненні да РФ.
Але меркаванні пра «правільны» коштавы парог сярод удзельнікаў гэтай дыскусіі пакуль моцна разыходзяцца: Кіеў прапануе радыкальна апусціць яго да 30 даляраў за барэль, а Еўразвяз, калі верыць неафіцыйным крыніцам, гатовы толькі да 50, бо для гэтага кроку неабходная аднагалосная падтрымка ўсіх чальцоў, а таксама скаардынаванае яе ўвядзенне на ўзроўні краін G7.
Як адзначыла Кая Калас, усе чальцы «сямёркі» разумеюць, што фактычна парог павінен быць ніжэйшым за актуальны кошт нафты, але прайшоў час, а Захад не ўнёс належныя карэктывы. Паводле ейнай інфармацыі, у маштабны санкцыйны пакет, падрыхтаваны Сэнатам ЗША, гэтая мера таксама ўваходзіць. ЕЗ будзе намагаць на зніжэнні лімітавай цаны ўжо на сустрэчы міністраў фінансаў краін «Вялікай сямёркі» 20-22 траўня ў Канадзе.
«Кааліцыя» ва Украіне папоўнілася новай краінай
Паралельна з неабходнасцю працягваць перамовы, узмацняючы пры гэтым ціск на Крэмль, міністры абмяркоўвалі гарантыі бяспекі для Украіны. Калас не стала ўдавацца ў падрабязнасці зместу гэтай дыскусіі, а вось міністр абароны Бэльгіі Тэа Франкен расказаў журналістам аб так званай «кааліцыі ахвочых» пад эгідай Вялікабрытаніі і Францыі.
З ягоных слоў, начальнікі штабоў краін-удзельніц кааліцыі распрацоўваюць план і ўжо «амаль ля мэты». Франкен станоўча ацаніў гэтую стратэгію, і нават не выключыў, што Бэльгія далучыцца да кааліцыі на тэрыторыі Украіны: «як толькі наступіць замірэнне, мы адразу ж зможам дзейнічаць разам з «кааліцыяй ахвочых» на ўкраінскай зямлі». Міністр падкрэсліў, што Украіна можа разлічваць на сваіх еўрапейскіх партнёраў.
Дзе Кіеву ўзяць 15 мільярдаў еўра на абароннай прамысловасць?
Паралельна Еўропа робіць стаўку на навучанне і далейшае забеспячэнне ўкраінскага войска ўзбраеннямі, а таксама на развіццё і нарошчванне патэнцыялу ўкраінскай абароннай прамысловасці. Некаторыя краіны намагаюць: галоўная гарантыя бяспекі для Украіны - гэта магутнае войска.
Калі з расейскай стараны не назіраецца сур'ёзнага намеру ўдзельнічаць у перамовах, то Еўропа толькі ўмацоўваецца ў меркаванні, што ўкраінскай старане неабходна выдаваць як мага больш вайсковай дапамогі, заявіў міністр абароны Швэцыі Пол Юнсан: «каб яна змагла весці перамовы з пазіцыі сілы і забяспечыць сабе справядлівы і трывалы мір».
Юнсан і іншыя ягоныя калегі на пасадзе з захапленнем адгукнуліся аб дасягненнях ўкраінскай абароннай прамысловасці, але падкрэслівалі, што для нарошчвання вытворчасці ўзбраенняў на належным узроўні, ёй патрэбныя інвестыцыі.
Пазней у той жа дзень Андрэй Сібіга паведаміў міністрам, а затым і журналістам, што ўкраінскай абароннай прамысловасці, «каб задзейнічаць усе магутнасці», бракуе 15 мільярдаў еўраў. DW спытала ў міністра абароны Швэцыі, дзе ЕЗ можа хутка знайсці такія сродкі, на што ён адказаў: сярод замарожаных расейскіх актываў, прычым не толькі ў выглядзе адсоткаў ад іх, якія і так ужо выкарыстоўваюцца для падтрымкі Украіны. Зрэшты, адзінства ў гэтым пытанні сярод чальцоў Еўразвязу па-ранейшаму няма.