Сэнатары ЗША прадставілі моцную рэзалюцыю, якая б'е па Лукашэнку
- 21.05.2025, 9:24
Яна прысвечаная выкрадзеным украінскім дзецям.
Група сэнатараў ЗША (прадстаўнікі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыі) прадставіла рэзалюцыю з заклікам аб абавязковым вяртанні Расеяй усіх выкрадзеных украінскіх дзяцей - да ўкладання ўсялякага пагаднення аб спыненні вайны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на супольную заяву амерыканскіх сэнатараў і Telegram-канал кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака.
Гаворка ідзе пра ініцыятыву двухпартыйнай групы амерыканскіх сэнатараў, ініцыятарамі якой сталі рэспубліканец Чак Граслі і дэмакратка Эмі Клабучар.
Таксама суаўтарамі рэзалюцыі сталі сэнатары Роджэр Вікер, Джоні Эрнст, Рык Скот, Дзік Дурбін і Джон Фетэрман - якія з'яўляюцца прадстаўнікамі абедзвюх партый.
«Расея выкрала амаль 20 тысяч украінскіх дзяцей, каб знішчыць іх культурную ідэнтычнасць і спадчыну», - адзначаецца ў супольнай заяве, апублікаванай на сайце сэнатара Граслі.
Рэзалюцыя змяшчае заклік «да вяртання выкрадзеных украінскіх дзяцей да таго, як будзе ўкладзенае кожнае мірнае пагадненне, якое спыняе вайну супраць Украіны».
У дакуменце асуджаецца выкраданне і прымусовае перамяшчэнне Расеяй украінскіх дзяцей і адзначаецца, што расейскае ўварванне ўсё больш дае падстаў для «гандлю дзецьмі, эксплуатацыі, дзіцячай працы, гвалту, голаду, калецтваў, траўмаў і смерці».
«Бесчалавечны і не справакаваны напад расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на Украіну, які развязаў самую вялікую вайну ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Ён выкраў тысячы дзяцей, каб прамыць ім мазгі і русіфікаваць іх, спрабуючы знішчыць іх культурную ідэнтычнасць і спадчыну. Злучаныя Штаты павінны патрабаваць вяртання гэтых дзяцей, перш чым укладаць пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне», - падкрэсліў Граслі.
У сваю чаргу сэнатарка Клабучар адзначыла, што «масавае выкраданне ўкраінскіх дзяцей Расеяй з'яўляецца зверствам».
«Мы не можам пагадзіцца з мірам, дзе дзяцей выкрадаюць падчас вайны і выкарыстоўваюць як форму захопу закладнікаў для перамоў. Гэтыя дзеці павінны быць вернутыя безумоўна да ўкладання кожнага мірнага пагадненняю, - акцэнтавала яна.
Рэакцыя Украіны
Медыя-дарадца Razom for Ukraine Астап Ярыш у сваім Facebook звяртае ўвагу, што гэта «першая рэзалюцыя ў Сэнаце з часу прыходу Дональда Трампа да ўлады, падтрыманая рэспубліканцамі, якая заклікае да дзеянняў у перамоўным працэсе з Расеяй».
Як адзначыў кіраўнік офісе прэзідэнта Украіны Ярмак, гэтая рэзалюцыя з'яўляецца «важным сігналам са Злучаных Штатаў».
«Выкраданне дзяцей - гэта не проста вайсковае злачынства. Гэта спроба сцерці нашу ідэнтычнасць, зламаць будучыню нацыі. Мы гэтага не дазволім. Удзячны сэнатарам за падтрымку» - адзначыў чыноўнік.
Нагадаем, што дыктатар Лукашэнка датычны да выкрадання больш як трох тысяч ўкраінскіх дзяцей. Дэпутаты Еўрапарламенту звярнуліся ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе з заклікам выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі. Яны заявілі, што Менск нясе адказнасць за шкоду, прычыненую Украіне, у тым ліку праз ролю рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.