Сі Цзіньпін адмовіўся сустракацца з Лукашэнкам?
- 21.05.2025, 13:21
Палітолаг нагадаў аб візіце, які так і не адбыўся.
Дырэктар даследчай праграмы Усходняга суседства ЕЗ і з Расеі Фінскага інстытута міжнародных дачыненняў Аркадзь Мошэс у інтэрв'ю «Філіну» пракаментаваў міратворчыя патугі Лукашэнкі:
- З гэтага ўжо нават не смяюцца. Гэта проста ігнаруюць.
Так можна сказаць, што і швэйцар у гатэлі, дзе праходзілі пасяджэнні, таксама адыгрываў пасярэдніцкую ролю. І афіцыянт, які падносіў каву.
Чалавек, які абслугоўвае, наўрад ці можа разглядацца як пасярэднік. Але еўрапейцы свядома рабілі выгляд, што Лукашэнка сапраўды пасярэднік.
Яны падыгралі Лукашэнку. І зараз у яго нічога акрамя гэтых старых сцэнароў няма.
І ён іх выкарыстоўвае, каб прагрызці хоць нейкі выхад з норкі, якую для яго пабудавала Расея, ці ён сам яе пабудаваў для Расеі, каб яна яго ж у ёй і трымала.
Аркадзь Мошэс не выключае, што ў Лукашэнкі ёсць пэўныя крыўды на Маскву:
- Яму не надаюць належнай пашаны і павагі, на якія мог бы разлічваць галоўны хаўруснік.
З кітайцамі, мяркуючы з усяго, у яго нічога не атрымалася таксама не без удзелу Масквы. Памятаеце, ён яшчэ ў канцы мінулага года анансаваў візіт у КНР, які так і не адбыўся?
На парадзе 9 траўня асабіста яму ніякіх асаблівых ушанаванняў не аддавалі - быў як усе.