Сіноптыкі папярэдзілі беларусаў пра «апошнія замаразкі гэтай вясны»
- 20.05.2025, 21:55
Калі чакаць да -2 °С?
Сіноптыкі тэматычнага Telegram-канала «Метеовайб» паведамілі, што зусім хутка ў Беларусь прыйдзе сапраўдная вясна. Аднак перад гэтым нам з вамі давядзецца яшчэ раз сутыкнуцца з замаразкамі. Паводле звестак спецыялістаў, марозныя ночы магчымыя ў гэтую нядзелю, 25 траўня, па захадзе і паўночным захадзе краіны.
Так, у канцы гэтага тыдня ў Беларусь прыйдзе антыцыклон, і дажджы спыняцца. Тым не менш у нядзелю паветра і глеба могуць змерзнуць да 0…-2°С. «Невялікая іх верагоднасць ёсць і ў панядзелак, але гэта ўжо будуць дакладна апошнія замаразкі гэтай вясны», – запэўнілі спецыялісты.
Потым, паводле іхніх словаў, на даляглядзе зноў замаячыць пацяпленне. Аднак у перыяд з 22 да 24 траўня «серыя хвалевых цыклонаў з поўдня» прынясе беларусам «значную колькасць ападкаў». Што да поўначы краіны, там і зусім магчымая іх месячная норма. З гэтай прычыны, мяркуючы з усяго, апошнія званкі ў школьнікаў хутчэй за ўсё будуць «падмочаныя». У першую чаргу гэта тычыцца цэнтра і захаду Беларусі, падсумаваў «Метеовайб».