Знаўцы «Што? Дзе? Калі?» з цяжкасцю адказалі на пытанне беларуса пра камбайнераў у кузаве машыны
- 20.05.2025, 20:24
А вы зможаце?
У першай гульні летняй серыі інтэлектуальнага клуба «Што? Дзе? Калі?», паказанай на расейскім Першым канале, камандзе Максіма Паташова задавалі пытанні і беларускія тэлегледачы, піша КП.
У шостым раўндзе прагучала пытанне лекара Васіля Станчука з вёскі Медна, што ў Берасцейскай вобласці:
«Перад вамі фатаграфія 1960 года, зробленая падчас засваення цалінных земляў. Тое, што адбываецца ў кузаве аўтамабіля, мы ад вас схавалі. Што ж там адбываецца?» – агучыў пытанне вядучы.
Пасля хвіліны абмеркавання, знаўца Настасся Шутава адказала: «Днём яны там абедалі».
Вядоўца агучыў правільны адказ: «У кузаве аўтамабіля накрыты абед, камбайнеры абедаюць. А пасля абеду перасоўная сталоўка паедзе карміць іншых».
Знаўцы адказалі правільна і зраўнялі лік 3:3, а потым атрымалі і агульную перамогу – 6:3. Дарэчы, у знаўцаў была версія, што ў спякоту камбайнеры спалі ў кузаве грузавіка.
«Версія пра абед была адразу, версія была Сашына (Аляксандра Масягіна. – Рэд.), але потым з'явілася версія пра сон і стала незразумела», – разважаў пасля гульні капітан каманды Максім Паташоў.
Анастасія Шутава, у выніку прызнаная найлепшай з гульцоў, патлумачыла, як зрабіла выбар паміж сном і абедам: «Паглядзела на фота больш уважліва і ўбачыла на борціку машыны цені. Гэта дапамагло мне рызыкнуць і сказаць, што яны абедалі».