BE RU EN

Belavia будзе лятаць у новы горад

  • 20.05.2025, 18:10

Квіткі ўжо ў продажы.

Belavia пачне выконваць рэйсы ў малавядомы горад недалёка ад Каспійскага мора.

Інфармацыя аб рэйсах з'явілася на анлайн-табло Нацыянальнага аэрапорта Менск і ў сістэме рэзэрвавання квіткоўперавозчыка, заўважыў Blizko.by.

Гаворка ідзе пра туркменскі горад Балканабат. Гэта часовая замена прывычнага маршруту ў Туркменбашы, куды беларуская авіякампанія лятала раней.

Найбліжэйшы рэйс адбудзецца 20 траўня. Вылет са сталіцы Беларусі будзе а 23:50, прыбыццё ў Балканабат - а 06:05 (паводле мясцовага часу). Зваротны рэйс чакаецца 21 траўня - а 06:55, прылёт у Менск - а 09:15.

Час у дарозе складзе 4 гадзіны 20 хвілін. Кошт квіткоў пачынаецца ад Br874 (блізу 258 еўра) у адзін бок.

Прычыны змены маршруту

Перанакіраванне рэйсаў у Балканабат звязанае з рэканструкцыяй аэрапорта Туркменбашы, які закрыўся на рамонт.

Работы праводзяцца ў рамках падрыхтоўкі да Трэцяй канферэнцыі ААН па развіваных краінах, якія не маюць выхаду да мора. Форум запланаваны на 5-8 жніўня ў курортнай зоне Аваза (прыгарад Туркменбашы). Чакаецца, што пасля заканчэння рамонту Belavia вернецца да ранейшага маршруту.

Адзначым, Балканабат (былы Небіт-Даг) - горад з насельніцтвам блізу 140 тысяч чалавек, размешчаны ў 155 км ад Туркменбашы.

Яго новы міжнародны аэрапорт адкрыўся ўсяго два тыдні таму - 2 траўня 2025 года. Прапускная здольнасць пасажырскага тэрмінала - 100 чалавек за гадзіну. Адсюль можна паляцець унутранымі авіялініямі ў Ашхабад, Туркменабат, Дашагуз і Мары.

Апошнія навіны