Мянчанка знайшла схованку з далярамі
- 20.05.2025, 21:54
Яна стала фігуранткай крымінальнай справы.
У Менску жанчына паспрабавала абмяняць даляры, знойдзеныя ў спадчынным доме, але ў выніку гэтага стала фігуранткай крымінальнай справы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржкамітэта судовых экспэртыз.
38-гадовая жыхарка сталіцы прыйшла ў банк з пяццю купюрамі наміналам $100 узору 1996 года. Касірка западозрыла падробку і выклікала міліцыю.
Пазней высветлілася, што жанчына атрымала дом у спадчыну ад бабулі. Падчас рамонту пад падлогай яна выявіла схованку з купюрамі і надумала абмяняць іх, не падазраючы аб іх паходжанні.
Банкноты накіравалі на экспэртызу. Спецыялісты ўстанавілі, што яны не былі выпушчаныя Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША. Вадзяныя знакі, ахоўная нітка і колеразменная фарба былі імітацыяй, а самі купюры — прадуктам афсетнага друку.
Паводле факту збыту падробленых грошай распачатая крымінальная справа.