Лідары краін Еўропы раскрылі, што Трамп ім расказаў пра тэлефонную размову з Пуціным
- 20.05.2025, 11:37
ЕЗ узмоцніць ціск на Расею.
Лідары Італіі, Нямеччыны, Фінляндыі і прэзідэнт Еўрапейскай камісіі ўвечары 19 траўня абмеркавалі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ягоную тэлефонную размову з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц на сваёй старонцы ў X запэўніў грамадскасць у далейшай дапамозе Украіне, а таксама ў далейшым ціску на Расею для заканчэння развязанай ёю вайны.
«Еўропа і Амерыка тут вельмі адзіныя: мы будзем уважліва суправаджаць Украіну на шляху да спынення агню. Еўропа ўзмоцніць ціск на Маскву праз санкцыі. Мы дамовіліся пра гэта з прэзідэнтам ЗША пасля яго перамоў з Пуціным», — напісаў ён.
Пазней у офісе Мэрца ўдакладнілі, што прэзідэнт ЗША і еўрапейскія партнёры падчас размовы «дамовіліся аб наступных кроках».
«Яны пагадзіліся шчыльна каардынаваць перамоўны працэс і імкнуцца да правядзення чарговай тэхнічнай сустрэчы... еўрапейскія ўдзельнікі абвясцілі аб узмацненні ціску на расейскі бок з дапамогай санкцый», — заявілі яны.
Далей - кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен праз сацсетку Х падзякавала Трампу за «нястомныя намаганні для дасягнення замірэння ва Украіне».
«Важна, каб ЗША заставаліся ўцягнутымі ў гэты працэс. Мы будзем працягваць падтрымліваць Уладзіміра Зяленскага ў дасягненні трывалага міру ва Украіне», - адзначыла яна.
Фінскі Прэзідэнт Аляксандр Стуб адзначыў, што лідары абмеркавалі «мірныя перамовы» паміж Украінай і Расеяй, спыненне агню і крокі на шляху да «справядлівага і працяглага міру».
«Важна працягваць шчыльную каардынацыю паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай. Фінляндыя працягвае падтрымліваць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», — запэўніў Стуб на сваёй старонцы Х.
Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлані заявіла, што сусветныя лідары дамагаюцца неадкладнага пачатку перамоў паміж сторанамі, якія могуць як мага хутчэй прывесці да спынення агню і стварыць умовы для справядлівага і трывалага міру ва Украіне.
«У сувязі з гэтым гатоўнасць Святога Айца (Папы Льва XIV — рэд.) правесці перамовы ў Ватыкане была ацэненая станоўча. Італія гатовая ўнесці свой уклад у спрыянне кантактам і працы для ўсталявання міру.