Foreign Policy: Расея саступае ў вайне ва Украіне
- 19.05.2025, 17:09
Гэта робіць Пуціна ўразлівым.
Доўгі час Пуцін умела пазбягаў вобразу пераможанага чалавека. З моманту прыходу да ўлады ў 2000 годзе ён прадэманстраваў рашучасць: у Чачэніі, Грузіі, Украіне і Сірыі. Аднак рэальныя перамогі даволі нязначныя. Сёння Украіна становіцца для Масквы катастрофай, з якой Пуцін не можа справіцца, піша Foreign Policy (пераклад Charter97.org).
9 траўня, у Дзень Перамогі, Пуцін зноў паспрабаваў выглядаць як моцны кіраўнік дзяржавы — на парадзе на Чырвонай плошчы ён стаяў побач са Старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. Расейская прапаганда запэўнівае нас, што Расея не пераможаная, але Захад апынецца ў ізаляцыі. Але рэальнасць дыктуе свае правілы: расейскае войска губляе пазіцыі, страты дасягаюць соцень тысяч, і Крэмль не мае намеру спыняць вайну.
У адрозненне ад Сірыі ці Грузіі, дзе адступленне можна было б замаскаваць, Украіна — гэта вайна ля самых межаў, з высокімі стаўкамі. Расейскае войска цярпіць велізарныя страты, не дасягаючы стратэгічных мэтаў. Акупаваныя тэрыторыі на ўсходзе Украіны не прыносяць рэальнай карысці і ператвараюцца ў зону баявых дзеянняў без перспектыў.
Расея таксама саступае ў дыпламатычным плане. Няўдалыя мірныя перамовы і агрэсіўныя дзеянні адштурхнулі нават патэнцыйных хаўруснікаў. Новы канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц цалкам падтрымлівае Украіну і ўкладвае каласальныя сродкі ў абарону Нямеччыны. Спробы Крамля стварыць разлад паміж ЗША і Еўропай пакуль не прынеслі вынікаў.
Расейская эканоміка, якая спачатку выйграла ад вайны, цяпер знаходзіцца ў заняпадзе. Рост запаволіўся да нуля, інфляцыя перавышае 10%, а даходы ад энэргетыкі падаюць праз падзенне цэн і зніжэнне попыту. Пуцін не можа прапанаваць расейцам ні эканамічных перспектыў, ні палітычных альтэрнатыў — толькі вечны «пуцінскі шлях».
Палітычная ўлада ў Расеі сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека. Гэта робіць Пуціна ўразлівым: калі вайна праваліцца, вінаватым будзе толькі ён. У апошнія месяцы ён нават пачаў казаць пра пераемніка — рэдкі знак сумневаў ва ўласных здольнасцях. Магчыма, ён сам разумее, што паставіў на карту ўсё дзеля вайны, у якой, здаецца, саступіць.