Літва падала пазоў супраць рэжыму Лукашэнкі ў Гаагу
- 19.05.2025, 14:24
Праз справакаваны міграцыйны крызіс.
Літва падала на Беларусь у Міжнародны суд ААН у Гаазе, абвінаваціўшы рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу, які парушае нормы міжнароднага права. Пра гэта паведамляе LRT са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Літвы.
Як паведамляе МЗС, справа тычыцца парушэння абавязацельстваў дзяржаў па Пратаколу ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры.
«З 2021 года Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным ростам плыні нелегальных мігрантаў з Беларусі. Довады, сабраныя літоўскімі ведамствамі, пацвярджаюць наўпроставае дачыненне беларускага рэжыму да арганізацыі плыняў мігрантаў», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Аб удзеле Менска сведчыць той факт, што беларускія дзяржпрадпрыемствы павялічылі колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў, арганізавалі выдачу віз і размяшчэнне мігрантаў, якія прыбываюць.
Акрамя таго, па прыбыцці ў Беларусь многія мігранты былі дастаўленыя да літоўскай мяжы беларускімі сіламі бяспекі і вымушаныя перасякаць яе нелегальна — часта ў небяспечных умовах, якія пагражаюць жыццю.
Паводле звестак МЗС, памежныя службы Беларусі, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы аб супрацоўніцтве, адмовіліся ўзаемадзейнічаць з літоўскімі ведамствамі з мэтай спынення незаконных перасячэнняў мяжы.
«Літва разглядае гэтыя дзеянні як наўмысную спробу беларускага рэжыму выкарыстоўваць міграцыю як сродак палітычнага ціску на Літву і Еўрапейскі Звяз - у адказ на іх падтрымку беларускай дэмакратыі і санкцыі за парушэнні правоў чалавека», - падкрэсліваецца ў паведамленні.
Паводле звестак МЗС, нягледзячы на інтэнсіўныя двухбаковыя перамовы, спрэчка аб парушэннях Пратакола не была ўрэгуляваная, таму Літва ў панядзелак звярнулася ў Міжнародны суд ААН, патрабуючы прыцягнення Беларусі да адказнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам.
Патрабаванні Літвы ўключаюць поўную кампенсацыю прычыненай шкоды, уключаючы выдаткі на будаўніцтва сцяны, а таксама гарантыі таго, што дзеянні, якія супярэчаць міжнароднаму праву, не паўторацца.
Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, ад пачатку міграцыйнага крызісу літоўскія памежнікі папярэдзілі 23,6 тысячы выпадкаў нелегальнага пранікнення замежнікаў у краіну з Беларусі. Адны і тыя ж асобы спрабуюць незаконна перасекчы мяжу неаднаразова.
Як паведамляла агенцтва BNS, летась Літва першай звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай пачаць расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі: гвалтоўнай дэпартацыі і пераследу асобных людзей, а таксама іншага жорсткага абыходжання, які супярэчыць асноватворным нормам міжнароднага права.
У Вільні неўзабаве адкрыецца і пачне працаваць інфармацыйны пункт Рады Еўропы для грамадзян Беларусі.