BE RU EN

Брытанія перадала Маўрыкію выспу са стратэгічнай вайсковай базай ЗША

  • 19.05.2025, 11:31

Цяпер брытанскія чыноўнікі гавораць аб пагрозе шпіянажу з боку РФ.

Цяпер брытанскія чыноўнікі гавораць аб шпіянажы з боку РФ.

Расейская Федэрацыя накіравала высокапастаўленага чыноўніка на Маўрыкій неўзабаве пасля таго, як гэтая краіна атрымала кантроль над выспамі побач са стратэгічнай базай Вялікабрытаніі і ЗША «Тандэр Коўв» (Camp Thunder Cove). Вялікабрытанія здала выспу ў арэнду і цяпер заўважыла пагрозу шпіянажу з боку Крамля.

Пра патэнцыйную пагрозу РФ для вайсковай марской базы ў Ціхім акіяне расказала выданне The Telegraph.

Выданне адзначае, што Вялікая Брытанія выказала ўстурбаванасць праз сяброўскія стасункі паміж Маўрыкіем і РФ. Пра гэта сведчаць візіты міністаркі сельскай гаспадаркі РФ Аксаны Лут у гэтую астраўную краіну і сустрэча кіраўніка МЗС Маўрыкія з паслом Кітая. Урад прэм'ер-міністра Кіра Стармера саступіў Маўрыкію кантроль над астравамі Чагас у Індыйскім акіяне.

Адная з найбуйнейшых выспаў, Дыега-Гарсія, была здадзеная ў арэнду на 100 гадоў за 9 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (12 мільярдаў даляраў). На гэтай выспе размешчаная стратэгічная вайсковая база ЗША і Вялікабрытаніі, таму з'явіліся асцярогі, што праз гэтую пастанову РФ можа свабодна шпіёніць за дзеяннямі брытанцаў і амерыканцаў на базе, гаворыцца ў артыкуле.

«Крытыкі заяўляюць, што гэта дазволіць хаўруснікам Маўрыкія ўсталёўваць пасты для праслухоўвання вакол Дыега-Гарсіі, пагражаючы бяспецы базы», — піша выданне.

Неназваныя прадстаўнікі апазіцыі занепакоеныя тым, што цяперашні прэм'ер «перадаў адзін з найважнейшых стратэгічных і вайсковых актываў краіне, якая зацікаўлена ў пагадненні з Расеяй». Між тым у Стармера запэўніваюць, што пагадненне ўзгодненае з ЗША. Аднак, рэзюмуе The Telegraph, на фоне абвастрэння сітуацыі з Крамлём, арэнду, магчыма, трохі адкладуць.

Вайсковая база "Тандэр Коўв" - гэта аб'ект вайсковых паветраных і вайсковых марскіх сіл ЗША і Вялікабрытаніі, пабудаваны ў 60-х гадах мінулага стагоддзя, распавядаюць на партале militarybases. Востраў Дыега-Гарсія быў у арэндзе ў ЗША, і на ім знаходзілася 1700 амерыканскіх вайскоўцаў і 50 брытанцаў. На спадарожнікавых здымках, атрыманых The Telegraph, відаць 12 самалётаў побач з узлётнай паласой. Таксама тут базуюцца падводныя лодкі, усталяваныя сістэмы касмічнага назірання і радары, сцвярджаюць на партале.

Фота: Google Maps

На Google Maps відаць, што архіпелаг Чагас размешчаны ў цэнтры Індыйскага акіяна. Адлегласць да вайсковай базы ЗША і Брытаніі — блізу 60 км. Маўрыкій знаходзіцца за 2000 км.

Фота: Google Maps
Фота: Google Maps

Апошнія навіны