BE RU EN

Напад ХАМАС 7 кастрычніка: мэтай быў зрыў перамоў паміж Ізраілем і Савудаўскай Арабіяй

  • 18.05.2025, 14:25

Ізраільскія вайскоўцы знайшлі сакрэтны дакумент у тунэлі пад Газай.

Пратакол нарады кіраўніцтва ХАМАС паказаў, што атака 7 кастрычніка 2023 года павінна была прывесці да зрыву перамоў аб нармалізацыі стасункаў паміж Ізраілем і Савудаўскай Арабіяй, паведамляе The Wall Street Journal.

Са слоў ізраільскіх вайскоўцаў, дакумент быў знойдзены ў тунэлі пад Газай. З яго вынікае, што 2 кастрычніка 2023 года кіраўнік ХАМАС у Газе Ях’я Сінвар заявіў на закрытым пасяджэнні руху, што неабходна пачаць запланаваную цягам двух гадоў атаку на Ізраіль, каб спыніць збліжэнне Эр-Рыяда і Ерусаліма. Для Сінвара і ХАМАС гэта было непрымальна.

Мэта нападу, на задуму Сінвара, палягала ў тым, каб «дабіцца сур'ёзных зрухаў або стратэгічнага зруху ў раскладзе сіл у рэгіёне ў дачыненні да палесцінскай справы».

Ён разлічваў атрымаць дапамогу ад іншых сіл так званай восі супраціву Ізраілю, якія падтрымліваюцца Іранам. Ён назваў пагрозай тое, што пагадненне паміж Ізраілем і Савудаўскай Арабіяй адкрые шлях іншым арабскім і ісламскім краінам да ўстанаўлення стасункаў з ізраільскай дзяржавай, што, на думку ХАМАС, «маргіналізуе палесцінскую справу».

Пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года Ізраіль пачаў шырокамаштабную ваенную кампанію ў Газе. Паводле звестак мясцовага Міністэрства аховы здароўя, гэта прывяло да гібелі больш чым 60 тысяч чалавек.

Іншыя знойдзеныя ў Газе дакументы таксама паказваюць на занепакоенасць кіраўніцтва ХАМАС прагрэсам амерыканска-пасярэдніцкіх перамоў паміж Ізраілем і Савудаўскай Арабіяй. У верасні 2023 года, паводле адной з запісак, рух планаваў эскалацыю канфлікту на Заходнім беразе і ў Ерусаліме з мэтай ускладніць дыпламатычнае збліжэнне.

Згодна з выведзвесткамі, Іран даваў ХАМАС фінансаванне, зброю і баявую падрыхтоўку, уключаючы трэніроўкі, якія праводзіліся незадоўга да нападу. Хоць, як сцвярджаецца, Тэгеран даў згоду на аперацыю, крыніцы ўнутры «восі супраціўлення» падкрэсліваюць, што Іран і Хезбала не хацелі наўпрост удзельнічаць у вайне з Ізраілем.

7 кастрычніка 2023 года палесцінскія баевікі ХАМАС учынілі беспрэцэдэнтны напад на поўдзень Ізраіля, у выніку якога загінулі больш за 1200 чалавек. Тады баевікі ўзялі ў палон блізу 250 чалавек, 100 з іх яшчэ ўтрымліваюцца. Мяркуецца, што траціна - ужо мёртвыя.

Апошнія навіны