WSJ: Пуцін патрапіў ва ўласную пастку
- 18.05.2025, 17:58
Крэмль пацярпеў дыпламатычную паразу ў Стамбуле.
Расейскі дыктатар не хоча заканчваць вайну і, адпаведна, супраць спынення агню. Зрэшты, каб здавацца канструктыўным у вачах добразычлівага да яго Дональда Трампа, Пуцін ініцыяваў прамыя мірныя перамовы паміж Расеяй і Украінай у Стамбуле.
Уладзімір Зяленскі прыняў выклік Пуціна і запрасіў таго на асабістую сустрэчу ў Стамбуле. Аднак расейскі дыктатар праігнараваў гэтае «запрашэнне». У турэцкі горад ён выправіў тую самую дэлегацыю нізкага ўзроўню, што і ў 2022 годзе. Гэтым самым кіраўнік Крамля паказаў, што ён не гатовы да мірнай дамовы, піша WSJ.
Як Пуцін пацярпеў дыпламатычную паразу ў Стамбуле
Жорсткая тактыка Пуціна рызыкуе раззлаваць Трампа, які апошнім часам праяўляе незадаволенасць праз упартасць расейскага лідара і сутыкаецца з ціскам у ЗША ва ўзмацненні санкцый супраць краіны-агрэсаркі. Еўрапейскія лідары, у сваю чаргу, убачылі шанец нарэшце пераканаць Трампа быць больш настойлівым у патрабаваннях да Пуціна.
«Пуцін сам загнаў сябе ў кут, не з'явіўшыся», – заявіў канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц пасля адмовы кіраўніка Крамля прыбыць у Стамбул на сустрэчу з Зяленскім.
Еўрапейская ініцыятыва, якая, паводле словаў дыпламатаў, мела на мэце паказаць Трампу, што Пуцін ігнаруе ягонае пасрэдніцтва, стала важнай перамогай для Зяленскага і ягоных хаўруснікаў. Яны доўга змагаліся з крытыкай Трампа пра «пасіўнасць» Еўропы ў развязанні найбуйнейшай сухапутнай вайны ў Еўропе з часоў Другой сусветнай.
«Гэта дазволіла Еўропе нарэшце стаць бокам міру», – сказаў Іван Красцеў, навуковец Інстытута гуманітарных навук у Вене, які неаднаразова сустракаўся з Пуціным.
Цяпер, паводле словаў эксперта, Пуціну давядзецца тлумачыць Трампу, чаму ён адмаўляецца ад ягонай мірнай ініцыятывы, нягледзячы на згоду Зяленскага, а таксама падтрымку лідараў такіх краінаў, як Турцыя і Бразілія.
Адмова Пуціна ад асабістага ўдзелу ў перамовах у Стамбуле і дэлегаванне толькі малодшых прадстаўнікоў фактычна выключыла магчымасць сур'ёзных перамоваў або абавязальніцтваў у спыненні агню, мяркуе Сінан Улген, дырэктар стамбульскага аналітычнага цэнтра EDAM.
Зяленскі выкарыстаў сытуацыю напоўніцу, заявіўшы перад перамовамі: «Трампу трэба ўсвядоміць, што Пуцін насамрэч хлусіць».
Тым часам ЕЗ рыхтуе новыя санкцыі супраць Масквы, уключаючы афіцыйную забарону на запуск газаправода «Паўночны струмень – 2». Яго закончылі ў канцы 2021 года, але ён так і не запрацаваў праз напад Расеі на Украіну. Частка трубы была ўзарваная ў 2022 годзе ўкраінскімі спецназаўцамі і цывільнымі вадалазамі.
Фактычна апошнія дыпламатычныя дзеянні Еўропы мелі на мэце таксама ўзмацніць ціск на ЗША, каб тыя далучыліся да больш жорсткіх санкцый, кажа Джон Хербст, былы амерыканскі дыпламат, а цяпер дырэктар у Atlantic Council у Вашынгтоне.
Зрэшты, пытанне застаецца: ці гатовы Трамп выкарыстоўваць свой уплыў, каб прымусіць Пуціна рухацца да міру – асабліва ў закрыцці эканамічнай артэрыі Расеі: яе энэргетычнага экспарту.
«Каб гэта адбылося, Трамп павінен дакладна ўсвядоміць, што з боку Масквы няма волі да міру. Не ўпэўнены, што Трамп гэта ўжо зразумеў», – падсумаваў Улген.