BE RU EN

Карабель ВМС Мексікі пратараніў Бруклінскі мост у Нью-Ёрку: Новыя факты

  • 18.05.2025, 12:01

Адноўленая поўная карціна інцыдэнту.

Увечары, 17 траўня, карабель Ваенна-марскіх сілаў Мексікі «Куаўтэмак» пратараніў Бруклінскі мост у Нью-Ёрку. У выніку інцыдэнту два чалавекі загінулі, пацярпелі блізу 20 чалавек.

Пра гэта паведамляюць New York Post і Bloomberg. Вядома, што навучальны карабель знаходзіўся ў Нью-Ёрку ў рамках свайго штогадовага кругасветнага турнэ і павінен быў наведаць 22 парты ў 15 краінах.

Экіпаж судна, які налічвае 277 чалавек, пераважна курсантаў, верагодна, страціў магутнасць падчас выхаду з Нью-Ёрка ў кірунку Ісландыі. Паводле словаў мэра Эрыка Адамса і паводле відэазапісаў аварыі, плынь аднесла яго на дарожнае пакрыццё моста.

Як адзначыў Адамс, у выніку сутыкнення, 19 чалавек знаходзяцца ў цяжкім ці крытычным стане. У пажарнай службе паведамілі пра 17 параненых, чацвёра з якіх у крытычным стане.

На відэа з месца здарэння відаць, як высокая мачта рэзнулася ў насціл моста і ўпала ўніз. Пасля гэтага за ёй упалі і іншыя мачты. Напалоханыя гледачы, якія стаялі ў Бруклінскім парку пад мостам, кінуліся ўцякаць з месца здарэння, калі судна рухалася ў бок зялёнай зоны.

«Лодка падплывала пад мост, а на даху лодкі былі маракі, ветразі стукнуліся аб мост, а потым людзі пачалі падаць з ветразяў», – расказаў адзін са сведкаў жудаснай аварыі.

Рух транспарту на Бруклінскім мосце ў абодвух кірунках быў часова прыпынены, пасля чаго яго зноў адкрылі. Паводле словаў камісара Іданіса Радрыгеса, Дэпартамент транспарту не знайшоў значных пашкоджанняў моста.

Апошнія навіны