УСУ атрымалася дронам збіць расейскі Ка-52: экспэрт ацаніў «здабычу»
- 17.05.2025, 21:03
Ва Украіны ўжо ёсць з дзясятак беспілотнікаў, якія могуць знішчаць у тым ліку расейскія гелікаптэры.
Расейскі гелікаптэр Ка-52 "Алігатар" называюць "забойцам танкаў", збіць яго даволі складана. Пра гэта ў эфіры "24 канала" распавёў палкоўнік запасу УСУ, лётчык-інструктар, вайсковы экспэрт Раман Світан, каментуючы нядаўняе знішчэнне аднаго з такіх гелікаптэраў дронаў.
Са слоў экспэрта, гелікаптэр Ка-52 з'яўляецца магутнай тэхнікай, ён абсталяваны добрай авіянікай, і таму такі дарагі. Яго кошт ацэньваецца ў 16 мільёнаў даляраў.
- Любы беспілотнік, які набліжаецца да гелікаптэра, пападае ў рух паветра. І цяжка нанесці ўдар. А ў гэтай сітуацыі знайшлі механізм для гэтага, - сказаў палкоўнік.
Ён акцэнтаваў, што менавіта гэтыя гелікаптэры спынілі прасоўванне УСУ да Токмака ў 2023 годзе: "Яны не далі магчымасці прарывацца ўкраінскім танкам".
Як дадаў Світан, на ўзбраенні Украіны ўжо ёсць з дзясятак беспілотнікаў, якія могуць знішчаць у тым ліку расейскія гелікаптэры.