У колькі зараз абыдзецца ўчастак у Менскім раёне?
- 17.05.2025, 19:46
Сталі вядомы вынікі зямельнага аўкцыёну.
Учора адбыўся аўкцыён па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзянаў Беларусі для будаўніцтва жылых дамоў у Менскім, Бярэзінскім і Слуцкім раёнах. Якія надзелы былі прапанаваны ўдзельнікам аўкцыёну і як прайшлі таргі па лотах, распавядае Realt.
Усяго на аўкцыён было прапанавана 27 участкаў, з іх 19 - у Менскім раёне, 2 - у Бярэзінскім і 6 - у Слуцкім раёне.
У Менскім раёне зямельныя ўчасткі выстаўлялі на аўкцыён Гаранскі, Калодзішчанскі, Міханавіцкі, Навадворскі, Хацежынскі, Шаршунскі, Шчомысліцкі і Юзуфаўскі сельсаветы.
Найбольшая колькасць заявак - 22 - падалі на лот №1. Участак размешчаны ў в. Закаблукі на вул. В. Быкава, 7, Гаранскага сельсавета. Зямельны надзел налічвае 9,65 соткі. Ёсць магчымасць падвядзення да дома электрычнасці.
Лот быў ацэнены ў 29 000 рублёў. За яго ўдалося атрымаць 140 000 рублёў, або 46 513 даляраў паводле афіцыйнага курса Нацбанка на дзень правядзення аўкцыёну.
Пятнаццаць заяў паступіла на ўчастак у в. Закаблукі на вул. В. Быкава, 9, гэтага сельсавета. Плошча зямельнага надзела складае 9,36 соткі.
Участак абсталяваны электрычнасцю і быў выстаўлены на аўкцыён за 28 000 рублёў. Яго атрымалася рэалізаваць за 116 000 рублёў, або 38 539 даляраў.
Два ўчасткі прапанаваў на аўкцыён Калодзішчанскі сельсавет. Адзін з іх знаходзіцца ў аг. Калодзішчы на вул. Воблачна, 50. Плошча зямельнага надзела складае 13,84 соткі. Ёсць магчымасць падвесці да будучага аб'екта будаўніцтва электрычнасць, ваду і газ. Купіць лот пажадалі 4 чалавекі.
Лот быў ацэнены ў 75 000 рублёў. Яго ўдалося прадаць за 284 812 рублёў, ці 94 655 даляраў.
Больш прыцягнуў патэнцыйных пакупнікоў участак № 52 у в. Даўніна гэтага сельсавета. На яго прэтэндавалі 12 чалавек, але адзін не зарэгістраваўся. Плошча надзела складае 15 сотак. Ёсць магчымасць падвесці да яго электрычнасць, газ і ваду.
Пачатковая цана на лот склала 45 000 рублёў. На таргах участак рэалізаваны за 231 000 рублёў, або 76 747 даляраў.
Пяць участкаў прапанаваў на аўкцыён Міханавіцкі сельсавет. Таргі прайшлі па двух у аг. Міханавічы і ўчастку №5 у аг. Чурылавічы. На іх прэтэндавалі па 3 чалавекі.
Хацежынскі сельсавет выстаўляў на аўкцыён 3 участкі ў вёсках Гаішча, Дубянцы і Клюі. Больш за ўсё заявак - 8 - падалі на зямельны надзел №19 у в. Гаішча на вул. Зарэчнай. Плошча ўчастка складае 15 сотак.
Ён абсталяваны электрычнасцю і быў выстаўлены на аўкцыён за 45 000 рублёў. Лот прадалі за 126 000 рублёў, або 41 862 даляра.
Тры ўчасткі па 11 000 рублёў кожны выстаўляў на таргі Шаршунскі сельсавет. На зямельны надзел у в. Збаравічы падалі адну заяву. На 2 участкі ў в. Новы Двор - па 5 заявак.
На танныя ўчасткі ў в. Лысавічы Юзуфаўскага сельсавета паступіла па 12 заявак.
Два ўчасткі выстаўляў на аўкцыён Бярэзінскі раён. Таргі прайшлі па адным у в. Снуя на вул. Турыстычнай, 9А, Бярэзінскага сельсавета. На лот прэтэндавалі 6 чалавек, але адзін не прайшоў рэгістрацыю. Невялікі ўчастак у 5 сотак абсталяваны электрычнасцю і быў выстаўлены на таргі за 5 000 рублёў. Ён рэалізаваны за 79 315 рублёў, або 26 351 даляр. На ўчастак у г. Беразіно падалі адну заяву. Ён прададзены па пачатковым кошце, павялічаным на 5%, гэта значыць за 13 739 рублёў, або 4 565 даляраў.
На ўчасткі ў Слуцкім раёне заявак не паступіла.
Арганізатарам аўкцыёну выступіў Менскі абласны цэнтр інвестыцый і прыватызацыі.