Bild: У Нямеччыне самалёт з пасажырамі 10 хвілін ляцеў без пілотаў
- 17.05.2025, 16:39
Адзін з пілотаў страціў прытомнасць.
У Нямеччыне пасажырскі самалёт на час апынуўся без кіравання ў паветры, калі адзін з пілотаў пакінуў кабіну, а другі страціў прытомнасць, піша нямецкае выданне BILD.
Інцыдэнт здарыўся 17 лютага мінулага года, але публічна пра яго стала вядома толькі зараз. Паведамляецца, што Airbus A321 кампаніі Lufthansa ляцеў з Франкфурта ў гішпанскую Севілью, калі на вышыні 10700 метраў здарылася непрадбачанае.
Як вынікае з апублікаванай справаздачы гішпанскай камісіі ў расследаванні авіяцыйных здарэнняў, капітан экіпажа пакінуў кабіну пілотаў для наведвання прыбіральні. Адразу пасля гэтага другі пілот раптам страціў прытомнасць, імаверна, у выніку нейкага прыступу. Хоць кіраванне лайнерам падхапіла сістэма аўтапілота, самалёт усё ж крыху адхіліўся ад курсу.
Некаторы час капітан судна не мог вярнуцца ў кабіну, бо дзверы не адчыняліся без пацвярджэння доступу з боку другога пілота.
На шчасце, ужо праз восем хвілін другі пілот усё ж прыйшоў у прытомнасць і адчыніў дзверы капітану. Пасля гэтага экіпаж прыняў пастанову аб экстраннай пасадцы ў Мадрыдзе.
У аэрапорце другога пілота адразу перадалі лекарам. Пазней яны высветлілі, што прычынай страты прытомнасці стала раней не дыягнаставанае неўралагічнае захворванне.