BE RU EN

У РПЦ назвалі бяздзетных мужчын «трутнямі» і прапанавалі абкласці іх падаткам

  • 17.05.2025, 15:29

Гэта не першая скандальная заява расейскіх святароў.

Протаіерэй Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) Андрэй Ткачоў, вядомы сваімі неардынарнымі выказваннямі, прапанаваў увесці спецыяльны падатак для мужчын, старэйшых за 40 гадоў, якія не маюць дзяцей. На думку святара, такія грамадзяне - «асаблівая катэгорыя трутняў», якіх неабходна стымуляваць да прадаўжэння роду, піша The Moscow Times.

«Хто гэтыя мужчыны, якім па 40 гадоў, якія ніводнага дзіцяці не нарадзілі? Хто гэта? Гэта нейкая асаблівая катэгорыя трутняў», — абурыўся Ткачоў. Пры гэтым ён адзначыў, што падатак павінен быць «невялікім» - выключна для таго, каб прысароміць прадстаўнікоў моцнага полу, якія ўхіляюцца ад бацькоўства.

Святар не стаў стрымліваць эмоцыі і дапусціў шэраг рэзкіх здагадак. Калі ў мужчыны пасля 40 няма дзяцей, значыць, мяркуе Ткачоў, ён альбо «кастрат, альбо хворы». Таксама ён папракнуў такіх мужчын у безадказнасці: «Ты што, ні разу, прашу прабачэння, не быў з жанчынай? А калі быў - чаму не ажаніўся? Чаму ніхто з іх не нарадзіў табе дзіця? Чаму ты не стаў бацькам і мужам? Ты проста спаў з імі - і жыў як труцень», - выказаўся Ткачоў.

У той жа час протаіерэй, нягледзячы на рыторыку, скептычна паставіўся да эфектыўнасці прапанаваных ім захадаў. З яго слоў, дзяржаўныя ініцыятывы не могуць рэальна паўплываць на дэмаграфію. У прыклад ён прывёў мацярынскі капітал, які, як сцвярджае святар, «стымулюе што заўгодна, але толькі не нараджальнасць».

«Ні да чаго добрага па-сапраўднаму дзяржава стымуляваць людзей не можа», - паскардзіўся протаіерэй. Сапраўднай матывацыяй да нараджэння дзяцей, на думку Ткачова, можа быць толькі «любоў да Бога і да дзяцей».

Гучныя заявы - не рэдкасць у рыторыцы святара. Так, напрыклад, у пачатку красавіка ён звяртаўся да расейцаў з заклікам не пазбягаць пакут, сцвярджаючы, што людзям «трэба трываць і пакутаваць». У тым жа духу ён заявіў, што ўкраінскія ракетныя ўдары па тэрыторыі Расеі - гэта «кара божая» за аборты, якія здзяйсняюцца расейцамі.

У пачатку траўня Ткачоў зноў нагадаў пра сябе – гэтым разам звязаўшы антываенныя настроі з уплывам самога антыхрыста. Праціўнікі вайны, з яго слоў, хочуць міру «не дзеля бога, а дзеля граху». «Грэх» жа апанентаў вайны, як сцвярджае святар, палягае ў жаданні есці, зарабляць грошы і падарожнічаць па свеце, а агрэсія супраць Украіны, мяркуе Ткачоў, замінае ім у гэтым. Развіваючы сваю думку, протаіерэй падкрэсліў: войны ў свеце скончацца толькі з прыходам «царства антыхрыста».

Апошнія навіны