WSJ: Трамп пераходзіць да новага плана ў дасягненні міру ва Украіне
- 17.05.2025, 9:51
Афіцыйныя асобы ЗША расчараваныя вынікамі перамоў у Стамбуле.
Амерыканскі лідар Дональд Трамп, відаць, надумаў пакуль адмовіцца ад новага ціску на РФ, а замест гэтага засяродзіцца на магчымай сустрэчы з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, мяркуючы, што яна можа разблакаваць шлях да міру ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The Wall Street Journal.
Журналісты адзначаюць, што афіцыйныя асобы ЗША пасля перамоў украінскай і расейскай дэлегацый у Стамбуле хоць і выказалі расчараванне вынікамі гэтых кантактаў, сам Трамп, магчыма, нацэліўся на патэнцыйны саміт з Пуціным.
У матэрыяле гаворыцца, што Крэмль з самага пачатку імкнуўся да перамоў з Трампам - без удзелу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў.
У сваю чаргу, CNN піша са спасылкай на неназванага турэцкага чыноўніка, што перамовы Кіева і Масквы ў Турцыі прайшлі "больш пазітыўна, чым чакалася".
Ён таксама расказаў, што патрабаванне Крамля аб "вывадзе" ўкраінскага войска з чатырох абласцей Украіны, якія краіна-агрэсарка спрабуе поўнасцю акупаваць, прагучала "ў кантэксце размовы аб спыненні агню".
"У момант, калі здавалася, што сітуацыя зайшла ў нявыкрутку, мы прапанавалі абмен ваеннапалоннымі, які будзе ўключаць тры катэгорыі - дзяцей, цывільных асоб і жаўнераў", - дадала крыніца.
The Times тым часам прыводзіць каментар палітолага Сэмуэла Шарапа, які таксама адзначае, што перамовы прайшлі "лепш, чым прагназавалася". Ён акцэнтуе ўвагу на дамоўленасці аб абмене палоннымі і пастанове прадоўжыць перамоўны працэс.