BE RU EN

Будаўніцтва новага раёна «Зялёны Бор» пад Менскам адклалі на год

  • 9.02.2025, 21:02

Новы жылы раён размесціцца на месцы былога вайсковага палігона.

Улады Менска перагледзелі даты будаўніцтва вялікага жылога раёна "Зялёны Бор" пад Менскам у раёне пасёлка Калодзішчы. Цяпер актыўнае будаўніцтва запланавана на 2026 год. У 2025 годзе грошы выдаткаваныя толькі на пад'язную дарогу, інжынерныя сеткі ды іншую інфраструктуру, паведамляе «Еўрарадыё».

Гэта стала вядома з абноўленай інвестыцыйнай праграмы будаўніцтва новых аб'ектаў у 2025 годзе за кошт бюджэту Менска. Раней менавіта гэты год значыўся пачаткам будаўніцтва новага раёна. Канцэпцыю "Зялёнага Бору" прадставілі ўпершыню ў 2012 годзе.

Што гэта за праект

Новы жылы раён размесціцца за тэрыторыяй Калодзішчы-2 на месцы былога вайсковага палігона. У праекце прадугледжана два этапы будаўніцтва:

• 1-ы этап (да 2030 года): забудова 952 тыс. м², разлічаная на 36,5 тыс. чалавек.

• 2-і этап (пасля 2030 года): павелічэнне насельніцтва да 105 тыс. чалавек (104 тыс. - у шматкватэрных дамах, 1 тыс. - у сядзібным фондзе).

З ідэі праекціроўшчыкаў, у “Зялёным Бары” дамы сярэдняй паверхавасці будуць размяшчацца па краях, а ў цэнтры з'явяцца шматпавярховыя будынкі. Горадабудаўнічы праект прадугледжвае фармаванне 11 раёнаў, аб'яднаных зялёнымі зонамі і магістралямі.

Апошнія навіны