BE RU EN

Эксперты спрагназавалі магчымыя тэрміны дэакупацыі Крыма і Данбаса

  • 2.10.2023, 20:22

Дэакупацыя Поўдня і Крыма – гэта абсалютны прыярытэт Украіны.

Украінскія вайскоўцы могуць дэакупаваць Крым ужо ў 2024 годзе. Пры гэтым больш інтэнсіўнае вызваленне Данбаса пачнецца пазней.

Пра гэта ў каментары РБК-Украіна заявілі кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка і ваенна-палітычны эксперт групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

Як адзначыў Каваленка, працэс вызвалення Крыма ў найлепшым выпадку пачнецца ў 2024 годзе, але толькі пасля дэакупацыі Запарожскай і Херсонскай абласцей.

– Гэта значыць, магчыма, 2024-ы стане годам вызвалення Крыма. А 2025-ы – годам больш інтэнсіўных дзеянняў у Луганскай і Данецкай абласцях. Асабліва ў зоне глыбокай акупацыі, якая была захопленая яшчэ ў 2014–2015 гадах, – удакладніў ён.

Мусіенка таксама згодны з меркаваннем, што Крым і поўдзень застануцца прыярытэтам у пытанні дэакупацыі. Пры гэтым ён дапусціў паралельныя лакальныя поспехі ў раёне Бахмута ці на іншых кірунках.

– Але ўсё ж поўдзень і Крым – гэта абсалютны прыярытэт. Я думаю, на Захадзе таксама ёсць разуменне, што дэакупацыя поўдня і пераразанне сухапутнага калідора на паўвостраў, узяцце яго ў кола стануць вялікім поспехам. І гэта фактычна будзе азначаць паразу Расеі ў цяперашняй фазе, – расказаў эксперт.

Контрнаступ УСУ

З пачатку лета ўкраінскія вайскоўцы прадаўжаюць контрнаступ на асобных адрэзках фронту. Яны ўжо здолелі дэакупаваць шэраг населеных пунктаў на поўдні краіны.

Таксама байцы УСУ прасунуліся пад Бахмутам, дзе нядаўна вызвалілі ад расейцаў Клішчыеўку і Андрэеўку.

Як адзначаў камандзір аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі, галоўны прарыў контрнаступу адбудзецца пасля дэакупацыі Такмака Запарожскай вобласці.

Апошнія навіны