Маладога хакеіста з Беларусі арыштавалі ў ЗША падчас матчу
- 2.10.2023, 19:20
У чым яго абвінавачваюць?
Хакеіст родам з Беларусі, 20-гадовы Ягор Раманаў быў арыштаваны ў амерыканскім Джонстаўне 1 кастрычніка падчас матчу на стадыёне 1st Summit Arena. Пра гэта паведаміла мясцовае выданне The Tribune Democrat, навіну заўважыў сайт belarushockey.com.
Інцыдэнт адбыўся падчас першага антракту гульні «Джонстаўн Тамагаўкс» супраць «Нью-Гэмпшыр Маўнцін Кінгз» - абаронцам гэтага клуба з'яўляецца Раманаў. Хлопца выдалілі з поля, а потым яго арыштавала паліцыя Джонстаўна.
Прычынай стаў нявыкананы раней ордэр на арышт паводле абвінавачання ў нападзе з дапамогай транспартнага сродку пры абцяжарваючых абставінах. Гэты ордэр выдалі два гады таму ў Нью-Кенсінгтане. Ягор Раманаў на той момант гуляў за клуб «Эсмарк Старз» з Пітсбурга.
У юніёрах «Эсмарк Старз» ураджэнец Менска гуляў з 2018 года, затым у 2021-м змяніў каманду на Wichita Falls Warriors (Аклахома), у 2022-м — на Boston Advantage, а сёлета перайшоў у нью-гэмпшырскі клуб. У існым сезоне Раманаў правёў чатыры гульні ў NAHL, дзе зарабіў дзве штрафныя хвіліны.