СМІ: Два ўкраінскія бамбавікі заляцелі ў РФ
- 2.10.2023, 17:26
«Су-24М» скінулі бомбы на нафтабазу ў Бранскай вобласці.
Расейскія ўлады сцвярджаюць, што два ўкраінскія бамбавікі «Су-24М» змаглі пераадолець расейскую СПА і заляцелі на тэрыторыю РФ у Бранскай вобласці, пасля чаго правялі бамбаванне нафтабазы ў Старадубскім раёне. Пра гэта паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы, цытуючы заяву Следчага камітэта РФ.
Расейцы сцвярджаюць, што атака ўкраінскай авіяцыі на расейскую нафтабазу адбылася 30 красавіка 2022 года, у самым пачатку расейскай вайны, піша «Диалог».
Больш за тое, скінуўшы на расейскі нафтаналіўны тэрмінал некалькі паўтонных бомбаў «ФАБ-500», франтавыя бамбавікі бесперашкодна вярнуліся на базу ва Украіне. Расейцы сцвярджаюць, што бамбавікі ўваходзяць у склад 7-й брыгады тактычнай авіяцыі.
Праз паўтара гады пасля нападу расейцы надумалі выставіць абвінавачванні камандзіру брыгады, вінавацячы яго ў сур'ёзных пашкоджаннях расейскай інфраструктуры. Украінскі бок ніяк не каментуе абвінавачанне Масквы.