Гарадзенскі ІП выдаваў беспрацоўным даведкі аб даходах «за бутэльку»
- 2.10.2023, 12:56
Што было далей.
У Гародні індывідуальны прадпрымальнік выдаваў беспрацоўным даведкі аб даходах, але схему раскрылі. Цяпер разбірацца ў махінацыях будуць следчыя, паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама. Прычым падазроным праходзіць не толькі бізнэсовец.
Схема выявілася ў сувязі з тым, што некаторыя жыхары Гародні куплялі мэблю ў растэрміноўку, з'яўляючыся пры гэтым беспрацоўнымі. Гэты факт міліцыя знайшла ў канцы верасня. Хаця мясцовыя жыхары нідзе не працавалі, у іх былі даведкі аб даходах.
«Цяпер устаноўлены і індывідуальны прадпрымальнік, які выдаваў такія даведкі. 36-гадовы мужчына раздаваў гэтыя дакументы сваім беспрацоўным знаёмым, часта за сімвалічную плату або бутэльку спіртнога», - распавялі ва УУС.
Міліцыі ўжо вядомыя «да дзясятка асоб», якія скарысталіся падробленымі даведкамі. Яны разам з прадпрымальнікам сталі падазраванымі паводле крымінальных спраў аб падробцы дакументаў.
Максімальнае пакаранне паводле арт. 380 КК «Падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў» - да трох гадоў пазбаўлення волі.